Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Горкі: толькі дзве ініцыятыўныя групы працягваюць збіраць подпісы

У Горацкай выбарчай акрузе № 82 працягваюць збор подпісаў дзве ініцыятыўныя групы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў: дэкана агранамічнага факультэта БДСГА Міхаіла Волкава і галоўнага спецыяліста па маркетынгу РУП “Вучгас БДСГА” Андрэя Юркова. Па неафіцыйнай інфармацыі, абедзве ініцыятыўныя групы ўжо сабралі неабходную колькасць подпісаў у падтрымку сваіх прэтэндэнтаў.

На мінулым тыдні акруговая камісія Горацкай выбарчай акругі № 82 разгледзела заяву яшчэ аднаго прэтэндэнта ў кандыдаты, часова непрацуючага Андрэя Бажко, і прызнала рашэнне аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па збору подпісаў у падтрымку яго вылучэння згубіўшым сілу, а пасведчанні яе членаў – несапраўднымі. Андрэй Бажко аб’явіў аб сыходзе з перадвыбарчай барацьбы знянацку, не патлумачыўшы, чым было выклікана такое яго рашэнне. Па сведчанні незалежных назіральнікаў, збор подпісаў у яго падтрымку ішоў даволі добра.

Між тым у Горацкай выбарчай акрузе з’явіўся яшчэ адзін прэтэндэнт у кандыдаты. На з’ездзе ліберальна-дэмакратычнай партыі кандыдатам у дэпутаты па Горацкай выбарчай акрузе № 82 вылучаны кіроўца Горацкага райста Барыс Парчэўскі, які ўжо перадаў у акруговую камісію неабходныя дакументы.

Цэнтрвыбаркам не задаволіў скаргу яшчэ аднаго патэнцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты з Горак Юрыя Седнева і падтрымаў рашэнне акруговай камісі Горацкай выбарчай акругі № 82 аб адмове ў рэгістрацыі яго ініцыятыўнай групы ў сувязі з няправільным афармленнем дакументацыі.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма