Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорскі “Шахцёр” выгароджвае бяздзейны парламент праз “выкрыццё” заходніх палітыкаў

Дзяржаўным СМІ працягваюць ігнараваць выбарчую тэматыку, зьмяшчаючы выключна афіцыйную і статыстычную інфармацыю. Тым не менш, заўважыць набліжэнне выбараў можна.

Так, у салігорскім “Шахцёры” у артыкуле “У працоўным рэжыме”, апроч звестак пра колькасьць вылучэнцаў і адкрыццё штаба назіральнікаў СНД, аўтар звяртае ўвагу на тое, што дэпутаты ў Беларусі не настолькі актыўныя, як у суседніх краінах. На думку журналісткі Вікторыі Раманавай (псеўданім намесніцы галоўнага рэдактара выдання Жаны Гірэль), актыўнасць народных абраннікаў на Захадзе з’яўляецца своеасаблівай часткай палітычнага шоў і асабістай рэкламы і ніяк не спрыяе “плённай працы” парламентаў.

Тут жа прыводзіцца цытата старшыні ЦВК сп. Ярмошынай, дзе зазначаецца, што для Беларусі ідэальны варыянт гэта “пусть и бюрократ, но с хорошими возможностями помочь своему округу”.

- Такім чынам улады спрабуюць апраўдаць існы стан рэчаў, калі парламента проста не існуе ў галовах людзей. Людзі не бачаць актыўнасьці, людзі не ведаюць, хто з’яўляецца дэпутатам - і незаўважны, безасабовы парламент нам спрабуюць прадставіць як адзіны, які ў стане плённа працаваць.І тут жа, як “дасягненне” даводзяцца лічбы: 429 законапраектаў прынялі, 423 былі падпісаныя прэзідэнтам. Без дыскусіяў, без нічога. Быццам бы так і трэба, - кажа грамадскі актывіст з Салігорску Уладзімір Шыла.

У той жа газеце актыўна распавядаецца пра поспехі ў гаспадарцы, бітву за ўраджай, падвышэнне пенсіяў і заробкаў. Надаецца ўвага і таму, наколькі аналагічныя паказчыкі на Захадзе адрозніваюцца ад нашых.

Рубрыка “Неверагодна, але факт” таксама прысвечана праблемам еўрапейскіх краінаў і ЗША. Артыкул, напісаны невядомым аўтарам, змяшчае тыповыя факты: ад крызіса ў Грэцыі і беспрацоўя ў ЗША да выказванняў Кандалізы Райс і Джорджа Буша малодшага. Апісваецца і выпадак, калі Ангела Меркель не змагла знайсці на мапе Нямеччыну. Аўтар пасля гэтага задаецца пытаньнем, “ці можа канцлер пасля гэтага непакоіцца за стан правоў чалавека ў Беларусі”. Агульны пасыл - палітыкі на Захадзе неадукаваныя, дэмакратычныя стандарты не выконваюцца і ўсе нараканні ў бок Беларусі не маюць ніякіх падставаў.

Іншыя мясцовыя выданні на гэтым тыдні наогул праігнаравалі тэму выбараў. Парламенцкая кампанія не згадвалася ні на мясцовых інтэрнэт-рэсурсах, ні на тэлебачанні.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма