Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Вілейскі “Шлях перамогі” настройвае чытачоў супраць апазіцыі

Да нядаўняга часу вілейская газета “Шлях перамогі” выбарчай кампаніі не заўважала. Але як толькі ў раёне вызначыліся апазіцыйныя прэтэндэнты ў кандыдаты, газета пачала пра выбары ўзгадваць рэгулярна і адзначаць, што “выбары праходзяць добра”, а “апазіцыя ідзе на правакацыі”.

Напрыканцы ліпеня незалежныя СМІ паведамілі, што па Вілейскай выбарчай акрузе плануецца ўдзел двух прэтэндэнтаў у кандыдаты ад апазіцыйных партый. І мясцовая раёнка адразу адрэагавала на гэта артыкулам “Кампанія праходзіць добра” паводле выказванняў спадарыні Ярмошынай аб удзеле ў выбарах палітычных партый, дзе адчуваюцца спробы прынізіць апазіцыйныя арганізацыі.

Крыху пазней ў рубрыцы “Парламенцкія выбары” з’явіўся больш грунтоўны матэрыял - “Апазіцыя ідзе на правакацыі”, дзе ўжо без усялякіх намёкаў даводзілася, што “падрыхтоўка да выбараў суправаджаецца шматлікімі правакацыямі з боку апазіцыі”.

Паколькі стала вядома, што найбольш актыўны вілейскі апазіцыйны кандыдат будзе агітаваць за байкот выбараў, чытачы газеты былі пастаўлены ў вядомасць: байкот, за які “асобныя апазіцыйныя сілы будуць праводзіць шырокамаштабныя акцыі,” -  гэта “не рацыянальна з пункту міжнародных палітычных традыцый”.

Таксама, відаць, у процівагу даволі актыўным мясцовым незалежным назіральнікам, газета ўзгадала пра назіральнікаў “правільных” – ад СНД, якіх “трэба ўспрымаць як памочнікаў і дабразычлівых крытыкаў”.

Не абыйшлося і без выпадаў у бок незалежных газетаў. Вілейскія актывісты наогул рэгулярна распаўсюджваюць маланакладныя незалежныя выданні, і верагодна, што падчас кампаніі будуць выкарыстоўваць гэта як сродак данясення  альтэрнатыўнай інфармацыі. Таму “Шлях перамогі” і папярэдзіў аб небяспечнасці такіх “незаконных выданняў”, якія “бясплатна закідваюцца ў скрыні выбаршчыкаў і негатыўна прадстаўляюць уладу і выбары”. Гэта – “чарговая спроба арганізацыі пэўных палітычных правакацый, накіраваных супраць выбараў у парламент”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма