Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Як назіральнік Сяргей Гоўша стаў “дробным хуліганам” (фота, аўдыё)

  • Сяргей Гоўша
    Сяргей Гоўша

10 ліпеня назіральнік на выбарах дэпутатаў у Палату Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Гоўша прысутнічаў на першым пасяджэнні акруговай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе №5,  дзе азнаёміўся з пратаколам гэтага пасяджэння. Заўважыўшы неадпаведнасці ў пратаколе Гоўша 23 ліпеня пасля другога пасяджэння АВК, звярнуўся, згодна з Выбарчым кодэксам Беларусі, з вусным зваротам да старшыні камісіі Т.Латышавай аб выяўленай неадпаведнасці ў Пратаколе № 1. Ён прасіў азнаёміць яго з гэтым пратаколам. А ў выніку назіральніка абвінавацілі ў дробным хуліганстве.

Ні адкрытасці, ні галоснасці

27 ліпеня Сяргей Гоўша звярнуўся ў акруговую камісію па  Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе №5 с заявай, у якой яшчэ раз, у пісьмовай форме, прасіў старшыню камісіі Тацяну Латышаву прадставіць яму магчымасць азнаёміцца з пратаколам першага пасяджэння камісіі ад 10 ліпеня. Пры гэтым ён апеляваў на адкрытасць і галоснасць выбарчага працэсу ў Беларусі, гарантаваныя як Канстытуцыяй, так і артыкулам 13 Выбарчага кодэкса Беларусі.

З адказу старшыні камісіі Тацяны Латышавай, які назіральнік атрымаў 1 жніўня, вынікае, што “згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь, назіральнік мае права “прысутнічаць на пасяджэннях камісіі, знаёміцца з пратаколамі ўчастковых камісій аб выніках галасавання і пратаколамі адпаведных камісій аб выніках выбараў…”

Аднак з вышэйпрыведзенага Латышава зрабіла выснову, што акруговая выбарчая камісія не павінна прадстаўляць назіральнікам пратаколы пасяджэнняў камісіі для азнаямлення.

А у той жа час…

Дзяржаўная баранавічская раённая газета  “Наш край” безапеляцыйна назвала Сяргея Гоўшу “распаясаўшымся хуліганам”. Аўтар артыкула Міхаіл Шубіч яшчэ да складаньня пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні і разгляду справы судом у артыкуле “Дробнае хуліганства” (нумар газеты 85 ад 2 жніўня) дае ацэнку падзеям, вольна інтэрпрэтуючы рэальнае становішча спраў.

Газета прыводзіць цытату з заявы ў Баранавіцкі ГАУС старшыні акруговай камісіі Латышавай: “прашу прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці Сяргея Гоўшу, зарэгістраванага назіральнікам у акружной выбарчай камісіі, які 23 ліпеня каля 17 гадзін, знаходзячыся ў памяшканні акружной выбарчай камісіі, наўмысна зняважыў прысутных членаў выбарчай камісіі грубымі нецэнзурнымі словамі.”

Далей Міхаіл Шубіч пераходзіць да апісання здарэння са свайго пункту гледжання: “Пасля паседжання  да старшыні камісіі падыйшоў С. Гоўша і запатрабаваў пратакол. Латышава спрабавала неаднаразова патлумачць назіральніку, што згодна з Выбарчым кодэксам ён не мае права на гэта, з-за чаго Сяргей Канстанцінавіч (Гоўша) і выказаўся нецэнзурнымі словамі на адрас членаў дзяржаўнага органа. Думаеце,ён, які пазіцыянуе сябе як праваабаронца, ня ведаў, што за гэта пагражае мінімум адміністрацыйным артыкулам аб дробным хуліганстве? Думаю, ведаў. Навошта ж ён тады распаясаўся?”- задаецца пытаннем Шубіч. 

Напрыканцы аўтар артыкула паведамляе, што матэрыялы справы будуць перададзены ў суд, які дасць прававую ацэнку здарэнню.

Цікава, што артыкул быў надрукаваны ранкам 2 жніўня, а ў другой палове таго ж дня ўчастковы інспектар капітан міліцыі Мікалай Кудраўцаў выклікаў праваабаронцу Сяргея Гоўшу ў Баранавіцкі ГАУС. На падставе пісьмовай заявы ў міліцыю старшыні акруговай выбарчай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Таццяны Латышавай капітан пачаў складаць на назіральніка пратакол апытання, дзе паведамлялася, што 23 ліпеня Сяргей Гоўша ў грубай форме абразіў брыдкаслоўем Таццяну Латышаву і сябраў камісіі. У гэтай сітуацыі Сяргей Гоўша прадставіў міліцыянеру дыктафонны запіс з пасяджэння АВК 23 ліпеня. Двойчы праслухаўшы запіс, капітаны міліцыі Мікалай Кудраўцаў і Віталь Рачкоўскі ніякага брыдкаслоўя не пачулі. Аднак замест таго, каб аб’ектыўна і справядліва разабрацца ў гэтай справе, яны прапанавалі Сяргею Гоўшу падпісаць не толькі пратакол апытання, але і адміністрацыйны пратакол аб парушэнні арт.17.1 (дробнае хуліганства) КаАП. Праваабаронца адмовіўся падпісаць гэтыя пратаколы і зрабіў запіс у кнізе скаргаў ГАУС аб тым, што супрацоўнікі міліцыі не хочуць разбірацца ў ягонай справе, а выконваюць чыйсьці загад.

Падаецца вельмі дзіўным і незразумелым, адкуль Міхаіл Шубіч ведаў, што праз нейкі час будзе складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні?

Каментар назіральніка Сяргея Гоўшы

Сам Сяргей Гоўша так каментуе гэтае здарэнне: “Я быў накіраваны 1 ліпеня Баранавіцкай гарадской арганізацыяй Грамадскага аб’яднання “Таварыства Беларускай Мовы імя Францішка Скарыны” у якасці назіральніка на пасяджэнні акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5, быў зарэгістраваны 10 ліпеня 2012 года ў кнізе рэгістрацыі.

У абавязкі назіральніка ўваходзіць не толькі проста назіранне, як часам трактуюць, а праводзіць назіранне дзеля выяўлення адпаведнасці выканання камісіяй выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь і прыпынення парушэння, калі яно выяўлена цераз напісанне адпаведных заяваў, складанне пратаколаў аб парушэннях у адпаведныя органы. Што я і раблю.

23 ліпеня 2012 года ў малай залі райвыканкама па вул. Савецкай, 79 адбывалася 2-е пасяджэнне акруговай камісіі № 5, на якім у якасці назіральніка прысутнічаў і я. Пасля заканчэння пасяджэння частка сябраў камісіі пайшла разам са старшынёй камісіі Таццянай Латышавай у памяшканне № 100, дзе і месціцца зараз акруговая камісія. Там я і звярнуўся са сваім вусным зваротам, згодна арт. 49 прым. Выбарчага кодэксу да старшыні камісіі Т. Латышавай аб выяўленым парушэнні ў Пратаколе № 1. Поўнасцю наша гутарка з ёй праходзіла пры ўключаным аўдыядыктафоне, які я трымаў на ўзроўні грудзі, паказаўшы Т. Латышавай, што я вяду запіс. 

Такімі парушэннямі я лічу той момант, што пры галасаванні за старшыню акружной выбарчай камісіі, яго намесніка і сакратара галасавала 13 чалавек камісіі, як гэта ўказана ў пратаколе. А на самай справе прысутнічала і галасавала толькі 11 чалавек (на фота).

Баранавічы. На здымку выразна бачныя толькі 11 сябраў акружной камісіі.

У пратаколе была ўказаная дата правядзення 1-га пасяджэння – 11 ліпеня, аднак пасяджэння ў гэты дзень не было. Яно адбылося ў аўторак 10 ліпеня 2012 года ў 15-00 у малой залі Баранавіцкага гарвыканкама, адразу на наступны дзень пасля сумеснага пасяджэння Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага абласнога савета дэпутатаў. У якасці доказу можна прывесці аб’яву аб маючым адбыцца пасяджэнні на сайце Баранавіцкага гарвыканкама.

Увогуле, мне проста шкада галоўнага рэдактара Баранавіцкай дзяржаўнай газеты “Наш край” Міхаіла Шубіча, які не меў права да суда пісаць тое, што ён напісаў, рабіць свой каментар, апіраючыся толькі на паказанні аднаго боку і фактычна на ўвесь горад абразіў мяне як чалавека і як незалежнага назіральніка”.

* * *

7 жніўя Сяргей Гоўша  падаў заяву на імя начальніка Баранавічскага ГАУСа, у якой просіць  далучыць аўдыёзапіс размовы са старшынёй акруговай камісіі Таццянай Латышавай, копія якога, дарэчы, маецца ва ўчастковага інспектара  Мікалая Кудраўцава, а таксама  правесці поўнае даследаванне гэтай справы з вочнай сустрэчай з Т.Латышавай і сумесным праслухоўваннем аўдыёзапісу, каб  упэўніцца ў праўдзівасці ягоных словаў і законнасці дзеянняў яго як назіральніка.

Адпаведная заява будзе перададзеная і ў пракуратуру Баранавічаў.

Каментар намесніка старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянціна Стэфановіча:

"Як прадстаўнік Праваабарончага цэнтру “Вясна”, які з’яўляецца актыўным удзельнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мушу адзначыць, што мы расцэньваем сітуацыю ў Баранавічах,  у прамым стасунку з ажыццяўленнем спадаром Гоўшам назірання за правядзеннем параламенцкіх выбараў. Хачу адзначыць, што згодна з арт. 13 Выбарчага кодэксу  Рэспублікі Беларусь, выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў ажыцяўляюцца адкрыта і галосна. Дадзены артыкул не ўтрымлівае забарону на прадстаўленне назіральніку матэрыялаў, датычных дзейнасці па правядзенню і арганізацыі выбараў, у тым ліку пратаколаў АВК. Пералік таго, што не мае права рабіць назіральнік пры ажыцяўленні сваёй дзейнасці, змешчаны ў арт. 13 ВК і з’яўляецца вычарпальным. Вельмі шкада, што кіраўніцтва акруговай камісіі не разумее асноўных прынцыпаў правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, не спрыяе назіральніку ў ажыцяўленні ягонай легітымнай і грамадска-важнай дзейнасці. 

Мы адназначна расцэньваем пераслед з боку органаў МУС спадара Гоўшы за нібыта дробнае хуліганства, а таксама распачатую кампанію ягонай дыскрэдытацыі ў некаторых мясцовых дзяржаўных СМІ г. Баранавічаў, як спробу аказання ціску на прадстаўніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” у сувязі з ягонай дзейнасцю ў якасці назіральніка. Мы патрабуем неадкладнага спынення гэтай ганебнай практыкі".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма