У Бабруйску ў выбаркамы ўключаюць напавер?
Такую выснову можна зрабіць з інфармацыі пра склад участковых камісій, апублікаванай у гарвыканкамаўскай газеце.
У спісе сябраў камісіі участка №27 Сельскай выбарчай акругі ў інфармацыі пра Маргарыту Бяляеву ўказана, што вылучалася ў камісію шляхам падачы заявы ад грамадзянаў і ў дужках пазначана таямнічае “донесет”. Відаць, спн. Бяляева, месца працы якой таксама з’яўляецца таямніцай, свой чалавек у камісіі, бо як яшчэ патлумачыць аказаны ёй давер, які разумеецца пад гэтай пазнакай.
І калі казаць увогуле, то ўчастковыя камісіі “традыцыйна” шчыльна ўкамплектаваныя прадстаўнікамі праўладных партый і арганізацый.
Хоць на сёння склад усіх участковых камісій у Бабруйску яшчэ невядомы (газета гарвыканкама разбіла гэтую інфармацыю на два нумары, працяг мусіць быць у наступным выпуску № 56), але ўжо па наяўнай інфармацыі можна зрабіць выснову, што адбор сябраў камісій прайшоў па звыклай схеме: прадстаўнікоў працоўных калектываў разбавілі прадстаўнікамі праўладных арганізацый і партый.
Па Першамайскай выбарчай акрузе № 79 колькасць сябраў камісій вагаецца ад 12 да 18 чалавек. На гэтай акрузе 43 участкі, у газеце даецца інфармацыя ўсяго па дзесяці з іх.
У гэтыя дзесяць участкаў увайшло дзесяць прадстаўнікоў БРСМ, дзесяць ад “Белай Русі”, дзевяць прадстаўніц “Беларускага саюза жанчын”, дзесяць – ад “Партыі працы і справядлівасці”, сем – ад праўладных прафсаюзаў, дзевяць – ад аб’яднанняў ветэранаў.
Па Ленінскай выбарчай акрузе № 78 колькасць сябраў камісій вагаецца ад дзесяці да 13 чалавек. У “Бабруйскім жыцці” даецца інфармацыя ўсяго пра пяць з 27 участковых камісій.
Сюды ўвайшлі чатыры прадстаўнікі БРСМ, пяць – ад “Белай Русі”, чатыры ад праўладных прафсаюзаў, пяць – ад “Беларускага саюза жанчын”, два – ад ветэранскіх аб’яднанняў і тры ад “Чырвонага Крыжа”.
Па Сельскай акрузе № 80 колькасць сябраў камісій вагаецца ад 11 да 14 чалавек. На дадзены момант апублікаваная інфармацыя па шасці з сямі участкаў, якія знаходзяцца ў межах Бабруйска. Тут склад камісій не надта адрозніваецца ад іншых: тыя ж вылучэнцы ад працоўных калектываў, чатыры прадстаўнікі БРСМ, пяць ад “Белай Русі”, тры ад “Чырвонага Крыжа”, чатыры – ад праўладных прафсаюзаў, чатыры ад “Беларускага фонда міра”, два ад ветэранскіх аб’яднанняў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма