Барысаў: суддзя Пасюк ўзбагаціла казну на пяць мільёнаў (відэа)
Сёння завяршылася судовае паседжанне па адміністратыўнай справе прэтэндэнта ў дэпутаты па Барысаўскай гарадской выбарчай акрузе № 62 Льва Марголіна і сября яго ініцыятыўнай групы Міхаіла Васільева.
Суддзя Барысаўскага раённага суду Ірына Пасюк вынесла рашэнне аб накладанні штрафу ў памеры двух мільёнаў рублёў для Васільева і трох мільёнаў рублёў для Марголіна. Пры гэтым першапачатковы пратакол аб арганізацыі несанкцыянаванай масавай акцыі быў перароблены ў парушэнне правілаў правядзення пікетавання (!). Сёння ж Леў Марголін атрымаў адказ з Цэнтральнай выбарчай камісіі на сваю скаргу з нагоды зрыву пікету па зборы подпісаў. У адказе ЦВК сказана, што да адміністрацыйных парушэннях падобнага роду яны адносіны не маюць.
У ходзе паседжання не былі дапытаныя начальнік міліцыі грамадскага парадку Барысаўскага РУУС (ён затрымліваў 4 жніўня Марголіна і Васільева) і прадстаўнік акруговай выбарчай камісіі. Пра апытанні гэтых асоб у панядзелак хадайнічалі і Марголін, і Васільеў. Хадайніцтва суддзёй Пасюк было прынята.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"
Каментароў пакуль няма