Магілёўскія дэмакраты абскарджваюць неўключэнне ў склад участковых камісій
З адпаведнымі скаргамі актывісты абласной грамадскай арганізацыі БНФ “Адраджэньне” і Магілёўскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” звярнуліся ў суд Ленінскага раёна Магілёва.
Яны просяць суд адмяніць рашэнне адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва ад 6 жніўня 2012 года аб утварэнні выбарчых камісій і ўключыць у іх склад прадстаўнікоў БНФ “Адраджэньне” і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”. Скаржнікі таксама просяць запрасіць прадстаўнікоў іх арганізацый на адпаведнае пасяджэнне і вынесці прыватнае вызначэнне на адрас адміністрацыі Ленінскага раёна за парушэнне выбарчага заканадаўства.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ўчастковыя камісіі былі сфармаваны ў сярэднім з 15-16 чалавек: “Выбарчам Кодэксам прадугледжваецца колькасны склад участковых камісій ад 4 да 19 чалавек. Неўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных партый у склад камісій адбылося па надуманных прычынах і, верагодна, па разнарадцы “зверху”.
Нагадаем, што пасяджэнне адміністрацыі Ленінскага раёна, на якім зацвярджаўся склад участковых выбарчых камісій, адбылося таемна, каб на ім не маглі прысутнічаць назіральнікі. На гэтае пасяджэнне ніхто з прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый Магілёва патрапіць таксама не здолеў.
Нагадаем, у склад участковых камісій не патрапілі 13 вылучэнцаў ад БНФ “Адраджэньне” і 26 ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма