Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Алег Гулак: «Назіральнікі ад БХК не патрабавалі ад камісій нічога забароненага»

  • Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак
    Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак

Старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак назваў заявы ЦВК аб скаргах назіральнікаў «дзіўнымі».

Нагадаем, 9 жніўня старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што назіральнікі ад БХК дасылаюць у Цэнтрвыбаркам аднатыпныя скаргі, якія не змяшчаюць фактаў парушэнняў.
Ярмошына заявіла, што БХК імкнецца да падачы як мага большай колькасці, часта ідэнтычных, заяў. Кіраўнік ЦВК таксама паведаміла журналістам, што кіраўніцтву БХК была адпраўлена прапанова правесці навучанне сярод сваіх назіральнікаў.

Як паведаміў Алег Гулак, у БХК сапраўды паступіў такі зварот ад ЦВК. У той жа час Гулак назваў пазіцыю Цэнтрвыбаркама «трохі дзіўнай», паколькі, паводле яго слоў, назіральнікі ад БХК не патрабавалі ад камісій нічога забароненага і дзейнічалі згодна з артыкулам 13 Выбарчага кодэкса РБ.

«Яны звярталіся з пытаннямі, якія цалкам адносяцца да адкрытасці і транспарэнтнасці выбарчага працэсу, што адпавядае духу артыкула 12», - сказаў старшыня БХК.

Паводле яго слоў, у цяперашні час БХК рыхтуе Цэнтрвыбаркаму адказ, у якім выказвае сваю нязгоду з заявай Ярмошынай.

«Так, яны лічаць, што назіральнікі маюць права толькі на тое, што ім прапісана. Але такі падыход супярэчыць і духу артыкулаў 12 і 13, і прававой сістэме Беларусі ў цэлым», - адзначыў Гулак.

Аднатыпнасць скаргаў і зваротаў назіральнікаў ад БХК ён патлумачыў аднатыпнасцю праблем, з якімі яны сутыкаюцца. «Лепш бы Лідзія Міхайлаўна паглядзела на аднатыпнасць адказаў, якія мы атрымліваем ад выканкамаў», - заявіў ён.

Па словах Гулака, назіральнікам адмаўляюць у атрыманні інфармацыі аб паседжаннях акруговых камісій, у большасці выпадкаў спасылаючыся на тое, што ўсю інфармацыю яны змогуць потым прачытаць у газетах. На думку камісій і выканкамаў, гэта і з'яўляецца рэалізацыяй прынцыпу галоснасці.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма