Мінск: Камісія Грушаўскай акругі не падтрымала прапанову зняць абмежаванні для перадвыбарчай агітацыі
На паседжанні 9 жніўня акруговая камісія Грушаўскай акругі № 98 разгледзела пытанне аб зацвярджэнні прапанаванага Мінгарвыканкамам спісу месцаў, дазволеных для агітацыі.
Як паведаміла назіральнік Наталля Манькоўская, усяго адзін сябра камісіі на паседжанні выказаўся супраць зацверджанага спісу - прадстаўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Вазняк.
Па словах назіральніка, Вазняк выступіў супраць увядзення асобных месцаў для агітацыі ў прынцыпе, паколькі, на яго думку, гэта абмяжоўвае правы і магчымасці кандыдатаў. Прадстаўнік «Справядлівага свету» прапанаваў камісіі дазволіць агітацыю па ўсёй акрузе, за выключэннем асобных, забароненых заканадаўствам месцаў.
Камісія ідэю Вазняка не падтрымала, а двое прадстаўнікоў сталічных школ заявілі, што не пусцяць на тэрыторыю сваіх устаноў кандыдатаў для правядзення агітацыйных мітынгаў і пікетаў. Па словах Наталлі Манькоўскай, сябры камісіі заяўлялі, што баяцца правакацый, якія, на іх думку, абавязкова пойдуць услед з боку кандыдатаў.
Тым не менш, спіс месцаў агітацыі быў зацверджаны большасцю галасоў. З прысутных на паседжанні 10 сябраў камісіі 8 прагаласавалі «за», адзін - «супраць» (Сяргей Вазняк) і яшчэ адзін чалавек «устрымаўся», паведаміла Манькоўская.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма