Баранавічы: акруговая камісія №6 не лічыць парушэннем прымусовы збор подпісаў у працоўны час
У Баранавічах акруговая выбарчая камісія № 6 звяртае ўвагу ініцыятыўнай групы праўладнага прэтэндэнта ў дэпутаты Аляксандра Сцяцко “на недапушчэнне халатнага стаўлення да падпісных лістоў”.
Прэтэндэнт у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Рыгор Грык 10 жніўня атрымаў пісьмовы адказ на сваю заяву ад старшыні акруговай выбарчай камісія Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6 Тамары Шукалы. Грык скардзіўся ў акруговую камісію на тое, што за праўладнага вылучэнца ў дэпутаты Аляксандра Сцяцко збіраюць подпісы вахцёры інтэрната № 6 па вуліцы Кірава, д.73/2 у працоўны час, нават не пытаючыся пашпарт.
У адказе Тамары Шукалы паведамляецца, што для разгляду заявы Грыка сябры акруговай камісіі наведалі інтэрнат № 6 і размаўлялі з загадчыцай установы, дзяжурным вахцёрам, жыльцамі, вывучылі запісы у журнале рэгістрацыі наведвальнікаў. Аднак фактаў парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь сябры АВК № 6 не выявілі. Тым не менш, у пункце 2 рашэння АВК № 6 ад 08.08.2012г. прызнаецца факт, што на стале ў вахцёра інтэрната быў падпісны ліст за праўладнага кандыдата ў дэпутаты Аляксандра Сцяцко. У сувязі з гэтым камісія Баранавіцкай-Усходняй выбарчай акругі № 6 ўсяго толькі звяртае ўвагу ініцыятыўнай групы Аляксандра Сцяцко “на недапушчэнне халатнага стаўлення да падпісных лістоў”.
– Мы апыталі шмат людзей, і яны падцвердзілі, што вахцёры інтэрната ў працоўны час прымушаюць ставіць подпісы за Аляксандра Сцяцко. Але людзі не хочуць казаць пра гэта акруговай камісіі, бо баяцца страціць месца ў інтэрнаце, – патлумачыў Рыгор Грык.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма