Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: вахцёрка інтэрнату кіруецца “чорным спісам”

У Магілёўскім інтэрнаце па вуліцы Крупскай 178 – фэйскантроль. У вахцёркі знаходзіцца спіс з асобаў, якім забаронены ўваход у інтэрнат. Сярод тых, хто ў гэтым спісе – праваабаронца Барыс Бухель, актывіст незалежнага прафсаюзу Радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Аляксей Паўлоўскі, адзін з лідэраў магілёўскай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Анатоль Заўялаў і іншыя дэмакратычныя актывісты. Усяго спіс складаецца амаль з 10 чалавек.

Пра наяўнасць такога спісу паведамляе лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў, які збірае подпісы ў падтрымку актывіста Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Леаніда Падбярэцкага і якому давялося яго пабачыць ужывую.

 “Я зайшоў у інтэрнат і паведаміў вахцёрцы, што збіраюся збіраць подпісы ў падтрымку прэтэндэнта ў дэпутаты Леаніда Падбярэцкага. У яе адразу спрацавала абаронная рэакцыя і яна сказала, што не дазваляе, аднак праз некалькі хвілін размовы яна запытала маё прозвішча. Калі я прадставіўся, то яна дастала спіс на паперцы і пачала зачытваць яго ўслых, шукаючы там маё прозвішча. Аднак яго там не аказалася і яна, павагаўшыся, дазволіла мне прайсці ў інтэрнат”, - кажа Ігар Барысаў.

Сацыял-дэмакрат паведамляе, што людзі падпісваюцца не вельмі ахвотна. Амаль паловы няма на месцах. Вялікая частка людзей заяўляе пра тое, што не пойдзе на выбары, бо не бачаць у гэтым ніякага сэнсу.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма