Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Бяроза: сябры Партыі БНФ абскарджваюць неўключэнне ва ўчастковыя камісіі

Шасцёра не ўключаных у склад участковых камісій Пружанскай выбарчай акругі № 9 сябраў Партыі БНФ звярнуліся ў суд Бярозаўскага раёна. Заяўнікам выступіла Рада Брэсцкай абласной арганізацыі Партыі БНФ, якая накіроўвала гэтых людзей у камісіі. Сябры Партыі БНФ не згодныя з рашэннем Бярозаўскага райвыканкама, лічаць яго неправамерным.

Партыя БНФ была адзінаю палітычнаю партыяй, якая вылучыла сваіх прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісій, але прадстаўнікоў “іншых рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў” уключылі ў іх склад, а прадстаўнікоў партыі -- не.

Само паседжанне па стварэнні ўчастковых выбарчых камісій насіла фармальны характар і фактычна звялося да безальтэрнатыўнага зацверджання спісаў персанальнага складу камісій, складзеных выкаўчаю ўладаю.

Сябры Партыі БНФ, якіх не ўключылі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі лічаць, што мае месца  дыскрымінацыя па палітычных перакананнях, што ў канчатковым выніку вядзе да недаверу выбаршчыкаў да вынікаў выбараў. Яны просяць суд  прызнаць неўключэнне іх Бярозаўскім раённым выканаўчым камітэтам у склад участковых выбарчых камісіі  неправамерным і просяць абавязаць выканкам прыняць новае рашэнне па стварэнні ўчастковых выбарчых камісій з уключэннем у іх сябраў Партыі БНФ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма