Шклоў: Рыгор Кастусёў – першы
Намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў 11 жніўня падаў дакументы ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90 для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Як кажа Рыгор Кастусёў, члены акруговай камісіі паведамілі яму, што ён стаў першым прэтэндэнтам у кандыдаты, які здаў дакументы на рэгістрацыю ў акруговую камісію Шклоўскай выбарчай акругі № 90.
Рыгор Кастусёў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на з’ездзе Партыі БНФ 4 жніўня.
“Мне здалося, што члены камісіі былі вельмі здзіўлены, калі я прывёз і падаў дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата, - кажа Рыгор Кастусёў. – У іх быў нейкі напалоханы выгляд. Між тым, пра маё вылучэнне ў якасці кандыдата ў дэпутаты па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 на з’ездзе Партыі БНФ паведамлялі многія інтэрнэт-сайты, пра гэта пісалі і недзяржаўныя мясцовыя газеты “Рэгіён” і “Паходня”. Члены камісіі ўзялі дакументы для рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты без усялякіх заўваг, сказалі мне, што я першы з прэтэндэнтаў, які падаў іх у акруговую камісію па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90”.
Як стала вядома, у акруговую камісію ўжо таксама звяртаўася і іншы прэтэндэнт у кандыдаты па гэтай жа акрузе, вылучэнка партыі “Справядлівы свет” Зінаіда Мілешчанка з гарадскога пасёлка Круглае.
“Я прывезла дакументы ў акруговую камісію ў чацвер, 9 жніўня, - кажа Зінаіда Мілешчанка. – Высветлілася, што мне патрэбна ў дэкларацыі аб прыбытках указаць паштовыя пераводы, якія я атрымлівала ад сына з Расіі. Таму я ўдакладніла ўсе нюансы і зараз канчаткова буду падаваць дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 у акруговую камісію 13 жніўня, у панядзелак. Неабходна адзначыць, што мне не вельмі спадабаліся адносіны членаў акруговай камісіі, яны давалі тлумачэнні вельмі напружана”.
Кандыдатам ад улады шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў па Шклоўскай выбарчай акрузе № 90 вылучаецца намеснік старшыні КДК 60-гадовы Аляксандр Агееў. Па неафіцыйнай інфармацыі, будзе вылучацца па гэтай акрузе і кандыдат ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі, аднак ён пакуль ніякіх каментараў на гэты конт не дае.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма