Мінск: Нападаўшыя на зборшчыка подпісаў за Мілінкевіча не жывуць у гэтай акрузе
11 жніўня трое мужчын напалі на Аляксандра Марчанку - аднаго
з членаў ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам у дэпутаты лідэра Руху «За
свабоду» Аляксандра Мілінкевіча. У гэты дзень Марчанка збіраў подпісы ў
падземным пераходзе станцыі метро «Уручча».
Па словах кіраўніка ініцыятыўнай групы Юрыя Меляшкевіча, адзін з маладых людзей
хацеў паставіць подпіс у падтрымку Мілінкевіча, але другі яго адгаворваў. Пазней
у Марчанкі папрасілі біяграфію Мілінкевіча, якая была напісана на беларускай
мове. У мужчын паўсталі праблемы з чытаннем інфармацыі, але прапанова Марчанкі
зачытаць тэкст ўслых іх раззлавала, і яны сталі адбіраць у актывіста падпісныя
лісты, распавёў Меляшкевіч.
Паводле яго слоў, падчас бойкі зборшчыку подпісаў рассеклі галаву, ён страціў
шмат крыві, бо ўсе падпісныя лісты былі заліты крывёй. На «хуткай» Марчанку
павезлі ў 3-ю гарадскую клінічную бальніцу, дзе яму наклалі швы на пабітую
галаву.
Калі Меляшкевіч прыехаў ва Уручча, пасярод пераходу ляжаў зламаны інфармацыйны
стэнд: "Відаць, яго ламалі нагамі, таму што адламаны нават металічныя
вушкі, якімі мацуецца бляшанае палатно. Металічная рамка стэнда таксама
сагнутая».
Двое з нападаўшых былі затрыманыя практычна адразу непадалёку ад метро, трэцяга злавілі крыху пазней па арыенціроўцы,
якая была ў супрацоўнікаў міліцыі. Паводле інфармацыі Руху «За свабоду», нападаючыя
пражываюць на вуліцах Гікала, Арлоўскай і Пляханава, якія не ўваходзяць у акругу
Мілінкевіча.
Пакуль Меляшкевіч не можа пэўна сказаць, ці быў напад правакацыяй з боку
ўладаў, але, паводле яго слоў, за два тыдні збору подпісаў у гэтым пераходзе
ніякіх здарэнняў не было. Аляксандр Марчанка лічыць, што нападаўшыя наўрад ці
былі проста «пацанамі з раёна», хоць не выключана, што хуліганскі ўчынак быў
здзейснены пад уздзеяннем алкаголю, паколькі тыя нападаўшыя былі п'яныя.
Фота Юрыя Меляшкевіча
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма