Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Cлуцк: На пікет па зборы подпісаў галоўны ідэолаг раёна выклікала міліцыю

Пікет, арганізаваны 11 жніўня каля ўнівермага «Слуцк» у падтрымку актывіста «Гавары праўду!» Аляксандра Солапа, выклікаў нечаканую рэакцыю прадстаўніка адміністрацыі крамы і намесніка старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі Ларысы Дабравольскай.
Як распавяла кіраўнік ініцыятыўнай групы актывіста «Гавары праўду!» Юлія Балакір, каля 12.30 да яе падышла жанчына, якая схапіла стэнд з інфармацыяй і аднесла яго ў бок. «Каб на маёй тэрыторыі гэта не стаяла!» - заявіла дама, відавочна, якая прадстаўляла адміністрацыю крамы.
«Я растлумачыла ёй, што закон не парушаю, і прапанавала вырашыць канфлікт з дапамогай міліцыі», - кажа Юлія.
Незнаёмка сышла, а праз некалькі хвілін на месцы з'явілася намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі Ларыса Дабравольская. Яна ўважліва разгледзела стэнд, адышла ўбок і кудысьці патэлефанавала.
Неўзабаве да Юліі Балакір падышоў мужчына ў цывільным, які прадставіўся супрацоўнікам Слуцкага РАУС, але пасведчанне не паказаў.
Затое ён папрасіў прад'явіць дакументы Юлію. Акрамя таго, таварыша ў цывільным цікавілі падпісныя лісты.
- Пакажыце іх мне, я хачу праверыць, ці будуць у вас там мёртвыя душы, - сказаў ён.
Кіраўнік ініцыятыўнай групы Аляксандра Солапа патлумачыла, што гэтым павінен займацца не міліцыянер, а акруговая камісія.
- Потым ён сказаў прыбраць са стэнда герб Слуцка. З яго слоў, па рашэнні райвыканкама прэтэндэнт у кандыдаты не мае права яго выкарыстоўваць. «Я цябе папярэдзіў», - з гэтымі словамі міліцыянт сышоў. А да нас у гэты дзень як ніколі шмат случчан падыходзіла, чыталі інфармацыю на стэндзе, задавалі пытанні, - заключыла Юлія Балакір.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма