Пінскі раён: рашэнні па месцах сустрэч з выбаршчыкамі і размяшчэння перадвыбарчых матэрыялаў – даволі ліберальныя
Пінскі райвыканкам прыняў рашэнні № 739 і № 740, якімі вызначыў месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі: арганізацыі сустрэч кандыдатаў і іх давераных асобаў з выбаршчыкамі, а таксама месцы для размяшчэння перадвыбарчых матэрыялаў.
Прынятыя рашэнні даволі ліберальныя і дазваляюць паўнавартнасна праводзіць перадвыбарчую кампанію. Так, для сустрэч з выбаршчыкамі ў кожным сельсавеце будуць прадстаўляцца памяшканні клубаў і дамоў культуры, актавыя залы школаў, бібліятэк, лякарняў, прадпрыемстваў і ўстановаў. А для арганізацыі сходаў выбаршчыкаў па-за памяшканнямі райвыканкам вызначыў пляцоўкі побач з Дамамі культуры , сельскімі крамамі і іншымі значнымі для вёсак установамі. Праўда, у буйных населенных пунктах - гарадскім пасёлку Лагішын і вёсцы Пінкавічы, перадвыбарчыя сходы дазволена праводзіць на спартовых стадыёнах.
Акрамя таго, рашэннем № 741 Пінскі райвыканкам вызначыў месцы размяшчэння перадвыбарчых матэрыялаў. Тут падрабязна пералічана, якія матэрыялы маюцца на ўвазе: плакаты, заклікі, заявы, надпісы, улёткі, фотаматар’ялы. Усё гэта можна вывешваць пасля ўзгаднення з кіраўніцтвам на інфармацыйных стэндах, якія месцяцца на ўчастках для галасавання, адміністрацыйных будынках сельвыканкамаў, прадпрыемстваў і ўстановаў раёна, у інтэрнатах і вітрынах гандлёвых аб’ектаў і службаў быта. Акрамя таго, аддзелу культуры райвыканкама даручана ў сельскіх бібліятэках утварыць “Куткіі выбаршчыкаў”.
Раённыя ўлады пахавляваліся аб эстэтычным выглядзе населенных пунктаў, таму забаранілі размяшчаць перадвыбарчыя матэрыялы ва ўсіх іншых месцах: на будынках, дрэвах, слупах, платах, аўтобусах і аўтобусных прыпынках. Праўда, пасля гэтага ўдакладнення вынікае, што перадвыбарчыя плакаты будуць знаходзіцца ў “адмысловых кутках” унутры розных памяшканняў. Выключэннем з’яўляюцца хіба што вітрыны крамаў. Так што бягучая выбарчая кампанія і будзе цягнуцца незаўважна для старонняга вока.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма