Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Аршанскі суд адмовіў у скаргах на неўключэнне ва ўчастковыя камісіі

Суд Аршанскага раёна і горада Орша адмовіў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" у скарзе на неўключэнне іх прадстаўнікоў у склад участковых камісій па горадзе Орша. Судовае паседжанне праходзіла пад старшынствам Наталлі Архіпавай, на ім прысутнічала памочнік пракурора Вікторыя Корсак.

Як мы ўжо раней паведамлялі, у скарзе аўтары паказвалі, што прадстаўленыя кандыдатуры дзесяці сябраў партыі не былі ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісій. Крытэрый адбору сябраў участковых камісій невядомы. Прычына, па якой прадстаўнікі партыі не ўключаны ў склад камісій, не патлумачаная. Разам з тым, не ва ўсе склады ўчастковых камісій у Оршы ўвайшлі прадстаўнікі палітычных партый.

Суд прыняў рашэнне адмовіць у пазове. У судовым рашэнні пазначана, што "довады, названыя ў скарзе і прыведзеныя прадстаўнікамі заяўніка ў судовым паседжанні, не з'яўляюцца падставай для задавальнення скаргі, паколькі крытэрыяў для ўключэння ці не ўключэння прадстаўнікоў у склад участковых камісій заканадаўствам не прадугледжана".

Аналагічны вердыкт вынес той жа суд на па скарзе Віцебскай абласной арганізацыі партыі "Справядлівы свет" у дачыненні да Аршанскага райвыканкама, які адмовіўся ўключыць двух сябраў "Справядлівага свету" ва ўчастковыя камісіі Аршанскага раёна.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма