Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Гомель: Падлічваць галасы за начальніка аддзела адукацыі будуць настаўнікі

Як стала вядома «Праваабаронцам за свабодныя выбары», па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе №33 балатавацца ў Палату прадстаўнікоў мае намер начальнік аддзелу адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёну Гомеля Алег Леўшуноў. Прычым гэты патэнцыйны кандыдат вылучаецца «таемным» для выбарцаў чынам. Каля двух тыдняў таму на сайце адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля з'явілася інфармацыя, што акруговая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам у дэпутаты парламента начальніка аддзела адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Алега Леўшунова. Потым дадзеная інфармацыя знікла з сайту адміністрацыі - як і не было. Тым часам, пікетаў па збору подпісаў за начальніка аддзела адукацыі ў Цэнтральным раёне Гомеля заўважана не было. Якім чынам і дзе збіраюцца подпісы за начальніка педагогаў – невядома.

Варта адзначыць, што абсалютную большасць сябраў участковых камісій складаюць настаўнікі сярэдніх школ. Прычым увайшлі яны ў камісіі як прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў ці шляхам вылучэння ад грамадзян. Пры праверцы выяўляецца, што ўсе прадстаўнікі грамадскасці ў камісіях – супрацоўнікі адной сярэдняй школы на чале з дырэктарам. Напрыклад, участак №32 Гомельскай-Цэнтральнай акругі, па якой плануе балатавацца начальнік аддзелу адукацыі. Участковая камісія складаецца з 13 чалавек, толькі адзін сябра камісіі вылучаны працоўным калектывам школы №59. Астатнія ж, калі верыць спісу камісіі – спрэс грамадскасць: «Беларускі фонд міру», «Беларускі саюз жанчын», Чырвоны Крыж, «Белая Русь» ці вылучэнцы ад грамадзян. Праверка ж паказала, што як мінімум 11 сябраў камісіі працуюць настаўнікамі ў дадзенай сярэдняй школе №59. Дырэктар жа школы Аляксандр Калькоў таксама трапіў у камісію як прадстаўнік «Беларускага фонду міру». Яшчэ як мінімум сем настаўнікаў сярэдняй школы №59 засядаюць ва ўчастковай камісіі №33.

Ва ўчастковай камісіі ўчастка №30 літаральна ўсе сябры камісіі па спісе – прадстаўнікі грамадскасці і вылучэнцы ад грамадзян. На самой справе як мінімум 10 сябраў камісіі – настаўнікі сярэдняй школы №16 на чале з дырэктарам Ірына Сляпцовай, якая, дарэчы, прайшла ў камісію ад «Беларускага саюза жанчын».

На ўчастку №17 Гомельскай-Цэнтральнай акругі ў склад камісіі ўвайшлі педагогі гімназіі №10, традыцыйна на чале з дырэктарам, Ірэнай Бяспалай. У камісіі з сямнадцаці сябраў як мінімум 13 працуе ў гімназіі №10. Прычым ніводнага ўпамінання, што гэта – настаўнікі, у спісе камісіі няма, усе – прадстаўнікі грамадскасці (БРСМ, Саюз жанчын, «Белая Русь», прафсаюз) ці вылучэнцы ад грамадзян.

Як мінімум 10 настаўнікаў і дырэктар прайшлі ў камісію ўчастка №13, размешчанага ў памяшканні сярэдняй школы №11 Гомеля. Ці варта казаць, што практычна ўсе сябры камісіі працуюць у школе №11, разам з дырэктарам Наталляй Літвінавай. Традыцыйна ўсе настаўнікі ў камісіі пазначаны як прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.

Аналагічная сітуацыя прасочваецца і на іншых участках Гомельскай-Цэнтральнай акругі. Калі ўчастковую камісію складаюць не настаўнікі, дык працаўнікі аднаго прадпрыемства на чале з кіраўніцтвам (ААТ «Камінтэрн», ААТ «8 сакавіка», «Будаўнічы трэст №14 і так далей), ці выкладчыкі аднаго вуза (участкі, размешчаныя ў будынках ГДУ ім.Ф.Скарыны).

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма