Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Светлагорску пададзены дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў

Светлагорскія дэмакратычныя актывісты Сяргей Дайнека і Ігар Песікаў, якія вылучаюцца ў Палату прадстаўнікоў, падалі ў акруговую выбарчую камісію сабраныя подпісы грамадзян. Нічога невядома аб тым, як ідзе вылучэнне па збору подпісаў у старшыні Светлагорскага райсавета Галіны Філіповіч.

13 жніўня кіраўнік Светлагорскай раённай арганізацыі партыі “Справядлівы свет” С. Дайнека і прадстаўнік грамадскай кампаніі “Гавары праўду” І. Песікаў наведалі Светлагорскую акруговую выбарчую камісію. Яны перадалі туды подпісы грамадзян, якія падтрымалі іх вылучэнне ў якасці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Дакументы прыняў  намеснік старшыні выбарчай камісіі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Светлагорскага райвыканкама Уладзімір Кукар.

– За маё вылучэнне падпісаліся 1140 грамадзян, – паведаміў Сяргей Дайнека. – Подпісы збіралі адкрыта і празрыста: у асноўным абыходзілі выбаршчыкаў па кватэрах, а таксама ладзілі пікеты на вуліцах.

Па словах І. Песікава, за яго вылучэнне падпісаліся каля 1,5 тысяч выбаршчыкаў. Нагадаем, што для вылучэння дастаткова 1 тыс. подпісаў.

Як і дзе праходзіць збор подпісаў за вылучэнне старшыні Светлагорскага райсавета Г. Філіповіч, афіцыйных звестак няма. Пікетаў па збору подпісаў за яе ці пакватэрнага абыходу не заўважана. Па неафіцыйных звестках, подпісы збіраюць праз аддзелы кадраў арганізацый і прадпрыемстваў, перапісваючы дадзеныя аб выбаршчыках з асабовых спраў.

Выбаршчык і фотааматар Віктар Раманішка, які хадзіў разам з С. Дайнекам перадаваць подпісы ў камісію, паведаміў, што намеснік старшыні камісіі У. Кукар не пагадзіўся, каб пры перадачы подпісаў было зроблена фотаграфаванне.

На здымках:

С. Дайнека ў прыёмнай Светлагорскага райсавета, дзе акруговая выбарчая камісія вядзе прыём дакументаў.

Намеснік старшыні Светлагорскай акруговай выбарчай камісіі, начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы Светлагорскага райвыканкама Уладзімір Кукар.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма