Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

За згадку пра байкот – выклік у пракуратуру

Незалежнага журналіста Кастуся Шыталя выклікалі ў Глыбоцкую раённую пракуратуру, каб атрымаць тлумачэнні наконт артыкула, змешчанага пад ягоным прозвішчам на рэгіянальным сайце http://westki.info. Гаворка ішла пра артыкул "Яраслаў Берніковіч прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту".

Журналіст адмовіўся даваць тлумачэнні адносна гэтага артыкула.  Пракурор Анатоль Сеўрукоў прыгразіў Кастусю Шыталю адміністрацыйнай адказнасцю, калі падобныя публікацыі будуць з'яўляцца на "Вестках". Між тым журналіст лічыць, што ён не парушыў заканадаўства: байкот у Беларусі не забаронены, і артыкул на незалежным сайце наўрад ці можна нават расцэньваць нават як заклік да байкоту.

 У публікацыі на сайце гаварылася пра прапанову глыбоцкага актывіста кампаніі "Гавары праўду" Яраслава Берніковіча, які вырашыў балатавацца ў парламент па Наваполацкай выбарчай акрузе №25. На сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён напісаў, што не верыць у поспех кампаніі байкоту, таму сам ідзе на выбары, але прыхільнікам гэтай ідэі ён гатовы дапамагчы, калі яны пагодзяцца на яго прапанову і "пакажуць, як працуе байкот".

Прапанова была наступная: правесці "узорную" кампанію байкоту ў Докшыцкай акрузе №22, па якой не вылучаюцца дэмакратычныя кандыдаты, якія маглі б "прыцягнуць людзей на выбары". Спадар Берніковіч напісаў, што гатовы бясплатна прадаставіць у карыстанне офіс свае фірмы і аргтэхніку, і яго прапанова выклікала шырокі розгалас у інтэрнэце. А таксама зацікавіла многіх журналістаў, сярод якіх быў і спадар Шыталь.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма