Гомель: ніхто з дзеючых дэпутатаў не ідзе зноў у Палату
13 жніўня завяршыўся прыём дакументаў на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты. Па папярэдняй інфармацыі, ніхто з дэпутатаў парламента, хто балатаваўся ў 2008 годзе па акругах горада Гомеля, не ідзе на другі ці трэці тэрмін у Палату прадстаўнікоў.
Як стала вядома «Праваабаронцам за свабодныя выбары», па Гомельскай-Сельскай акрузе мае намер балатавацца рэктар Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэту спажывецкай кааперацыі, старшыня абласной арганізацыі «Белай Русі» Ала Навумчык. Яе вылучылі працоўныя калектывы КСУП «Брылёва» і птушкафабрыкі «Расвет». У вёсцы Цагельня кіраўнікі агракамбінату «Паўднёвы» збіралі подпісы за вылучанага кандыдата. Прычым ініцыятыўная група, якую ўзначальвае намеснік генеральнага дырэктара агракамбінату «Паўднёвы», збірала подпісы каля сталовай прадпрыемства.
У 2008 годзе па Гомельскай-Сельскай акрузе прайшоў у дэпутаты былы старшыня Гомельскага райвыканкаму Уладзімір Маёраў.
Па Гомельскай-Навабеліцкай акрузе ў 2008 годзе трапіў у Палату прадстаўнікоў Аляксандр Шацько. Зараз жа па дадзенай акрузе будзе балатавацца памочнік прэзідэнта, галоўны інспектар па Гомельскай вобласці Ігар Пракапенка. Яго канкурэнтам можа стаць вылучэнец ад АГП Уладзімір Няпомняшчых.
Па Гомельскай-Савецкай акрузе замест адбыўшай свой тэрмін у Палаце Ларысы Кузняцовай мае намер балатавацца дырэктар прадпрыемства «Гомельскія цеплавыя сеткі» Міхаіл Пачынок. Па Гомельскай Савецкай акрузе здаў дакументы на рэгістрацыю кандыдатам незалежны кандыдат Ігар Случак, які сабраў неабходную колькасць подпісаў. Дакладная колькасць кандыдатаў па акрузе будзе вядомая пасля рэгістрацыі.
Па Гомельскай-Прамысловай акрузе будзе балатавацца галоўны ўрач абласнога кардыялагічнага дыспансеру Ганна Лапаціна. На мінулых выбарах у парламент па дадзенай акрузе перамагла былы старшыня адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля Таццяна Філімончык. Таксама па Прамысловай акрузе на выбарах-2012 маюць намер балатавацца грамадская актывістка Галіна Краўчанка і сябра АГП Уладзімір Кацора.
Па Гомельскай-Цэнтральнай акрузе будзе балатавацца начальнік аддзелу адукацыі адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля Алег Леўшуноў. У 2008 годзе па дадзенай акрузе балатаваўся і стаў дэпутатам Аляксандр Шаўко. Зараз канкурэнтамі «начальніка педагогаў» могуць стаць, калі іх зарэгіструюць, вылучэнцы ад партый «Справядлівы свет», КПБ і ЛДП.
Па Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе мае намер балатавацца генеральны дырэктар вытворчага аб'яднання «Гомсельмаш» Валерый Жмайлік. У 2008 годзе па дадзенай акрузе прайшоў у Палату былы старшыня Гомельскага гарвыканкаму Аляксандр Бяляеў. Валерыя Жмайліка вылучылі працоўныя калектывы, а таксама за яго збіралі подпісы на пікетах у мікрараёне «Сяльмашаўскі».
Па Гомельскай-Юбілейнай акрузе мае намер балатавацца дырэктар сярэдняй школы №5 Гомеля Віктар Фесак. У 2008 годзе ў Палату ад дадзенай акругі прайшоў Аляксандр Чыкілёў, былы дырэктар ААТ «Гомельпрамбуд». Віктара Фесака кандыдатам у дэпутаты вылучылі шэраг працоўных калектываў: «Гомельводаканал», Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, і некалькі сярэдніх школ - №5, №8, №30. Таксама за Віктара Фесака збіраліся подпісы на пікетах у Юбілейнай акрузе. Канкурэнтам на выбарах дырэктару школы можа стаць вылучэнец ад КПБ.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма