Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

БХК тлумачыць Лідзіі Ярмошынай прынцыпы карэктных зносін з назіральнікамі і прэсай

Праваабаронцы тлумачаць кіраўніку ЦВК прынцыпы галоснасці, празрыстасці і карэктных зносін з назіральнікамі і прэсай пры правядзенні выбараў.

9 жніўня Ярмошына выступіла ў прэсе з заявай аб тым, што «Беларускі Хельсінкскі Камітэт бамбуе акруговыя камісіі ідэнтычнымі скаргамі па надуманых прычынах».

На яе думку, падобныя скаргі падаюцца, каб стварыць бачнасць масавых парушэнняў падчас падрыхтоўкі да выбараў. З гэтай нагоды Цэнтрвыбаркам таксама накіраваў у БХК зварот з просьбай азнаёміць назіральнікаў з іх правамі, прадугледжанымі Выбарчым кодэксам.

У якасці прыкладу была прыведзена скарга назіральніка БХК з Віцебска. Грамадзянін прасіў адмяніць рашэнне акруговай выбарчай камісіі акругі № 19, якая адмовілася даць яму пратаколы або копіі пратаколаў паседжанняў, праведзеных з моманту яе стварэння. Акрамя таго, адказ назіральніку быў дадзены на рускай мове, хоць ён звярнуўся на беларускай, - гэта стала яшчэ адным прадметам скаргі.

Удзельнікі пасяджэння ЦВК заключылі, што назіральнік не меў права патрабаваць пратаколы. Акрамя таго, як было заяўлена членамі ЦВК, «па законе акруговая камісія прымае рашэнне на той мове, на якім вядзе справаводства». Праўда, на закон пры гэтым не спаслаліся. Між тым, што тычыцца мовы справаводства выбарчых камісій, гэта пытанне ў ВК не ўрэгулявана. У адпаведнасці з «Інструкцыяй па справаводству ў дзяржаўных органах, іншых арганізацыях», зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі¹ мовамі справаводства і дакументацыі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская, а ў адпаведнасці з Законам «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб»², пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту, павінны быць абгрунтаванымі і матываванымі (пры неабходнасці - са спасылкамі на нормы актаў заканадаўства), утрымліваць канкрэтныя фармулёўкі, якія аспрэчваюць або пацвярджаюць довады заяўнікаў.

Пры гэтым важна, што назіральнікі ад СНД з падобнымі праблемамі не сутыкаюцца. Яны наведалі кожную другую акруговую выбарчую камісію і, як паведамляе БЕЛТА, «за час маніторынгу назіральнікі маглі бесперашкодна азнаёміцца з пратаколамі акруговых выбарчых камісій».

Беларускі Хельсінкскі Камітэт накіраваў у Цэнтрвыбаркам зварот з каментаром да заяваў Л.Ярмошынай:

«У якасці асноватворнага прынцыпу правядзення выбараў Выбарчы кодэкс (арт. 13) замацоўвае прынцып адкрытасці і галоснасці пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў.

Пад рэалізацыяй прынцыпу адкрытасці і галоснасці варта разумець магчымасць вольнага доступу назіральнікаў, за выключэннем тых забаронаў, якія прадугледжаны ч.5 арт.13 ВК да інфармацыі аб усіх дзеяннях і дакументах выканаўчай улады і выбарчых камісій, якія закранаюць арганізацыю выбараў, і інфармаванне аб гэтым выбаршчыкаў.

Патрабаванні назіральнікаў аб азнаямленні з матэрыяламі па фарміраванні акруговых, участковых выбарчых камісій не супярэчаць патрабаванням ч.5 арт.13 ВК і заснаваныя на прадпісаннях арт. 34 ВК.

Указаная норма прадугледжвае, у прыватнасці, што органы, якія ўтвараюць камісію, як правіла, не менш адной траціны яе складу фарміруюць з прадстаўнікоў палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў, што ў склады камісій не могуць уваходзіць суддзі, пракуроры, кіраўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, што дзяржаўныя служачыя не могуць складаць больш адной траціны складу камісіі і іншыя патрабаванні.

Не маючы магчымасці азнаёміцца з дадзенымі аб месцы працы і жыхарства членаў камісій, іх пасады, у якім парадку яны былі вылучаны, немагчыма даведацца, ці адпавядала іх вылучэнне правілам, выкладзеным у арт. 35 ВК.

Відавочна, што паўната такой інфармацыі дазволіць ацаніць роўны, (недыскрымінацыйны) падыход да ўсіх палітычным і грамадскім сіл, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе пры фарміраванні камісій», - гаворыцца ў тэксце звароту праваабаронцаў.

«Лічым, што старшыня Цэнтральнай камісіі, яе сакратар і члены камісіі пры перапісцы з назіральнікамі, іншымі заяўнікамі, пры зносінах з прэсай павінны быць вельмі карэктныя і менш за ўсё праяўляць сваё эмацыйнае стаўленне, а ў большай ступені кіравацца законам, здаровым сэнсам і роўным стаўленнем да усім, хто выконвае свой грамадскі абавязак» , - таксама сказана ў звароце БХК.

Тэкст звароту цалкам.

Даведка. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» - гэта кампанія нацыянальнага доўгатэрміновага назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. У кампаніі задзейнічаны назіральнікі на 85 выбарчых акругах. Назіранне ажыццяўляецца РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт" і ПЦ "Вясна" ў супрацоўніцтве.

Удзельнікі назірання не прадстаўляюць ні аднаго з кандыдатаў, а толькі робяць выснову аб тым, наколькі праведзеныя выбары адпавядаюць патрабаванням беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў у галіне свабодных і справядлівых выбараў.

На высновы незалежных нацыянальных назіральнікаў звяртаюць увагу калегі з міжнародных місій па назіранні - БДІПЧ АБСЕ, СНД, а таксама нацыянальныя і замежныя СМІ.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма