Баранавічы: Назіральнік звярнуўся да пракурора па справе абвінавачання яго ў дробным хуліганстве
Назіральнік Сяргей Гоўша напісаў скаргу пракурору горада Баранавічы на супрацоўнікаў ГАУС. У сваёй скарзе ён паведамляе, што 2 жніўня быў выкліканы ў пакой № 110 Баранавіцкага ГАУС участковым, капітанам міліцыі Мікалаем Кудраўцавым па заведзенай у адносінах да яго адміністрацыйнай справе па арт. 17.1 (дробнае хуліганства). Назіральнік даведаўся, што старшыня акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 Таццяна Латышава напісала заяву ў міліцыю і абвінавачвае Сяргея Гоўшу ў тым, што ён 23 ліпеня наўмысна абразіў брыдкаслоўем яе і прысутных сяброў выбарчай камісіі.
У сваёй скарзе Сяргей Гоўша даводзіць пракурору, што ён прадставіў міліцыянеру дыктафонны запіс пасяджэння АВК 23 ліпеня. Двойчы праслухаўшы запіс, капітаны міліцыі Мікалай Кудраўцаў і Віталь Рачкоўскі ніякага брыдкаслоўя не пачулі. Аднак замест таго, каб аб’ектыўна і справядліва разабрацца ў гэтай справе, супрацоўнікі міліцыі прапанавалі Сяргею Гоўшы падпісаць не толькі пратакол апытання, але і адміністрацыйны пратакол аб парушэнні арт.17/1 (дробнае хуліганства) КаАП.
Абураны тым, што супрацоўнікі міліцыі не толькі не далі копіі пратаколаў, але і тым, што яны зусім не хочуць разбірацца ў гэтай справе, Сяргей Гоўша зрабіў адпаведны запіс у кнізе скаргаў ГАУС.
Назіральнік паведамляе пракурору, што размаўляў з начальнікам аддзела аховы правапарадка і прафілактыкі падпалкоўнікам Эдуардам Суднікам, яго намеснікам маёрам Паўлам Кульгавікам, што трапіў на прыём да намесніка начальніка ГАУС Эльдара Вільчкоўскага. Сяргей Гоўша ўсім ім паведамляў, што капітан міліцыі Мікалай Кудраўцаў не выдаў яму копію пратакола і адмаўляецца праводзіць праўдзівае разбіральніцтва па справе. На падставе арт.6.3 і 6.11 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях Сяргей Гоўша прасіў кіраўніцтва ГАУС далучыць да справы аўдыёзапіс яго размовы з Латышавай Таццянай, якая мае значэнне для правільнага рашэння па разглядаемай справе аб адміністрацыйным правапарушэнні і правесці прафесійнае дасудовае разбіральніцтва справы. Толькі 8 жніўня, паведамляе Сяргей Гоўша пракурору, ён атрымаў ліст з Баранавіцкага ГАУС, за подпісам начальніка аддзела міліцыі грамадскай бяспекі Аляксея Трафімава. У ім паведамляецца, што 2 жніўня супраць яго складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
У лісце пракурору Сяргей Гоўша паведамляе, што лічыць складзены на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні заведама няправільным, што заява старшыні АВК № 5 Латышавай Таццяны дыскрэдытуе яго як незалежнага назіральніка, а пратаколы апытання сведак – абразай яго як чалавека. Гэта падцвярджае прыкладзены і ў Баранавіцкі ГАУС і ў пракуратуру г.Баранавічы дыктафонны запіс размовы.
Сяргей Гоўша просіць прыняць меры пракурорскага рэагавання і дадае да скаргі: 1) копію заявы начальніку Баранавіцкага ГАУС; 2) копію дыктафоннага аўдыёзапісу яго размовы з Т.Латышавай на дыску CD-R “SmatTrack” 700МВ 80min; 3) раздрукоўку тэксту размовы з Т.Латышавай з дыска; 4) копію адказу Баранавіцкага ГАУС ад 07.08.2012 № 5471.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма