Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Пінск: улады вырашылі схаваць агітплакаты ад выбаршчыкаў

Пінскі гарвыканкам вызначыў месцы для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі і размяшчэння перадвыбарчай агітацыйнай прадукцыі.

Паводле Рашэння № 917 для правядзення сустрэчаў з выбаршчыкамі гарадскія ўлады адвялі сем вялікіх памяшканняў, якія раўнамерна размеркаваныя па тэрыторыі горада. А менавіта: вялікая зала гарадскога Дома культуры, вялікая зала Дварца культуры “Трыкатажнік”, актавыя залы гімназіяў №1 і №3 і сярэдніх школаў №7 і №18, Пінскага дзяржаўнага ліцэя машынабудаўніцтва. Варта адзначыць, што запоўніць такія памяшканні рэальна, калі кандыдаты і іх давераныя асобы праявяць небывалую актыўнасць і вельмі зацікавяць выбаршчыкаў альбо  калі скарыстаюцца адміністрацыйным рэсурсам. Можа дапамагчы і запрашэнне выбаршчыкаў праз мясцовыя газеты, радыё і тэлебачанне, аднак, як правіла, у непраўладных кандыдатаў з гэтым увесь час узнікаюць пэўныя праблемы.

Для правядзення мерапрыемстваў на адкрытым паветры выканкам вызначыў шэсць пляцовак –скверы каля помніка партызанам, гарадской бальніцы №2 і Свята-Фёдараўскага сабору. Акрамя таго, кандыдаты змогуць запрасіць выбаршчыкаў на сустрэчу ў Дзіцячы парк, на летнюю эстраду Гарадскога парку культуры і адпачынку і на матабольны стадыён ДТСАФ. Шчыра кажучы, месцы не надта людныя, аднак пры правільным падыходзе да правядзення выбарчай кампаніі іх патэнцыял можна ўдала раскрыць. Але і тут, з улікам абмежаванага доступу да мясцовых СМІ, прадбачацца цяжкасці. Скарыстаць шлях саматужнага друку і расклейвання ўлётак з запрашэннямі не ўдасца.

Таму што рашэннем № 918 чыноўнікі Пінскага гарвыканкама вызначылі месцы для размяшчэння перадвыбарчых агітацыйных матэрыялаў. Тут мясцовыя ўлады, відаць, зыходзілі з пункту гледжання так званага “эстэтычнага выгляду горада”, бо дазволілі вывешваць улёткі, плакаты, заклікі, заявы і фотаматэрыялы выключна на інфармацыйных стэндах, якія месцяцца на выбарчых участках і ў адміністратыўных будынках прадпрыемстваў і установаў горада. Рабіць гэта можна пасля ўзгаднення з іх кіраўніцтвам. Таксама можна выкарыстоўваць рэкламныя тумбы, якіх у Пінску налічваецца ўсяго з дзесятак. Супрацоўнікам міліцыі і ЖКГ, кіраўнікам гарадскіх прадпрыемстваў і ўстановаў строга наказана спыняць вывешванне друкаванай прадукцыі ў недазволеных месцах, а віноўных прыцягваць да адміністратыўнай адказнасці. Цікава, што ў рашэнні гарвыканкама не пазначаны нават папулярныя ў апошні час вітрыны крамаў. Таму, каб даведацца пра праграму кандыдата ў дэпутаты і ўбачыць яго твар на фотаздымку, выбаршчыкам давядзецца адмыслова заходзіць у будынкі прадпрыемстваў і установаў і шукаць там інфармацыйныя стэнды.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма