Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Гэта страшнае слова байкот

На 22 жніўня ў судзе Савецкага раёна Менска прызначаны разгляд адміністрацыйных спраў актывістаў ствараемай Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Галіны Каржанеўскай і Іны Лойкі, якія на мінулым тыдні ўдзельнічалі ў пікетах за байкот выбараў. Пачатак суду ў 10-00.

Раней прэсавая служба БХД паведамляла пра тое, што супрацоўнікі міліцыі 8 жніўня тэлефанавалі многім сябраў ініцыятыўнай групы лідара Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Марыны Хоміч, якія ўдзельнічалі ў пікетах ля Камароўскага рынку і ў іншых месцах.  Міліцыянты патрабавалі з'явіцца ў РАУС для тлумачэнняў па факце правядзення пікетаў.

А 13 жніўня незалежнага журналіста з Глыбокага Кастуся Шыталя выклікалі ў раённую пракуратуру, каб атрымаць тлумачэнні наконт артыкула, змешчанага пад ягоным прозвішчам на рэгіянальным сайце http://westki.info. Гаворка ішла пра артыкул "Яраслаў Берніковіч прапанаваў дапамогу прыхільнікам байкоту".

Журналіст адмовіўся даваць тлумачэнні адносна гэтага артыкула.  Пракурор Анатоль Сеўрукоў прыгразіў Кастусю Шыталю адміністрацыйнай адказнасцю, калі падобныя публікацыі будуць з'яўляцца на "Вестках". Між тым журналіст лічыць, што ён не парушыў заканадаўства: байкот у Беларусі не забаронены, і артыкул на незалежным сайце наўрад ці можна нават расцэньваць нават як заклік да байкоту.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма