Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Рагачоўская раённая газета асвоіла жанр палітычнай карыкатуры

На сайце Рагачоўскай раённай газеты «Свабоднае слова» наўрад ці знойдзеш поўную і аб'ектыўную інфармацыю пра выбары ў парламент. Нават прозвішчы патэнцыйных кандыдатаў, якія зарэгістравалі свае ініцыятыўныя групы і збіралі подпісы за вылучэнне, там не падаюцца. Але газета з задавальненнем ганьбіць апанентаў улады, карыстаючыся «свабодай слова». Мы ўжо пісалі, якой лексікай карыстаецца галоўны рэдактар, калі хоча выказацца пра апазіцыянераў: «оппы», «кодла», «адшчапенцы», «здраднікі», «перабежчыкі».

Зараз жа, бліжэй да выбараў, раённая газета перыядычна змяшчае на сваім сайце абразлівыя карыкатуры, дэматыватары і спасылкі на іншыя сайты, якія паліваюць брудам прадстаўнікоў апазіцыі.

Напэўна, у разуменні рэдакцыі «Свабоднае слова», менавіта так трэба выкарыстоўваць права на свабоду слова.

Дарэчы, аналізуючы сайты райвыканкамаў Гомельскай вобласці, міжволі прыходзіш да высновы, што ўлады імкнуцца правесці выбарчую кампанію як мага цішэй і незаўважна. Напрыклад, Жлобінскі райвыканкам інфармацыю пра выбары падае да таго лаканічна, што і не зразумець, пра што ці пра каго ідзе гаворка.

«Ініцыятыўныя групы грамадзян па вылучэнню кандыдатаў у дэпутаты актыўна выкарыстоўваюць правядзенне пікетаў», - праінфармаваў выканкам выбарцаў, не адказаўшы на галоўныя пытанні: «Хто, дзе, калі, навошта».

Іншыя ж сайты райвыканкамаў і раённых газет наогул абмяжоўваюцца перадрукам афіцыйных паведамленняў ЦВК ці дзяржаўнага агенцтва БелТА.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма