Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Салігорск: пра выбары піша толькі “Шахцёр”

Назіральнікі адзначаюць, што тэма выбараў у Салігорску практычна не закранаецца мясцовымі СМІ - за мінулы тыдзень артыкулы на гэтую тэму з’явіліся толькі ў адной дзяржаўнай газеце.

- Сітуацыя смешная, але пра выбары піша выканкамаўскае выданне “Шахцёр”. Частка інфармацыі там абавязана публікавацца, астатнія матэрыялы ўтрымліваюць агульныя звесткі альбо крытыку Захаду і апазыцыі. Іх аўтрам выступае адзін чалавек, што таксама надае абсурднасць сітуацыі, - кажа моладзевы актывіст Андрусь Тычына.

На мінулым тыдні згаданае выданне, апроч публікацыі спіса сябраў участковых камісіяў, праінфармавала чытачоў пра магчымасць увядзення электронага галасавання і тэрміны вылучэння ў кандыдаты. Астатнія мясцовыя выданні пра выбары ўвогуле не пісалі нічога, ніякіх сюжэтаў пра выбарчую кампанію не з’явілася і на мясцовым тэлебачанні.

- Для салігорцаў выбараў як бы і няма: чытаць пра іх няма дзе, подпісы ў горадзе не збіраліся. Збіралі праўладныя кандыдаты - іх пікетаў заўважна не было.Ня ведаю людзей, да каго б яны прыходзілі дадому. Верагодна, патрэбная колькасць была сабраная, як кажуць, “па месцы працы”, - дадае Тычына.

Тым не менш, на мінулым тыдні ў горадзе ў чарговы раз з’явіліся заклікі да байкоту парламенцкіх выбараў, распаўсюджаныя актывістамі Еўрапейскай Беларусі. Падобныя інфармацыйныя матэрыялы на дадзеным этапе кампаніі з’яўляюцца адзінай вонкавай праявай выбарчай кампаніі, калі не ўлічваць афіцыйныя стэнды.

Апытаньне на тэму выбараў змясьціў у сацыяльных сетках рэгіянальны сайт САЛІГОРСК.орг. Як кажа адзін з адміністратараў суполкі Рыгор Астапеня, “нават да апытання пра выбары ўвага ў сярэднім у тры разы меншая”.

- Прагаласавала восем дзесяткаў чалавек. Амаль траціна абрала варыянт “выбары? абралі ў 2010”. Ён як бы і жартоўны, але, з іншага пункту гледжання, яскрава дэманструе пазыцыю многіх - гэтыя выбары не вырашальныя, таму і ўвага да іх значна меншая.

Кожны пяты апытаны першы раз чуе пра выбары, сем чалавек падпісваліся за кандыдатаў, столькі ж - прымае ўдзел у кампаніі. Але агулам даволі маленькія лічбы тых, хто бачыў плакаты, чуў пра байкот ці чытаў пра выбары ў СМІ.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма