Слуцкая раёнка маўчыць пра колькасць прэтэндэнтаў у кандыдаты
Галоўны рэдактар газеты “Слуцкі край” Валянціна Ражанец прыслухалася да парадаў старшыні Слуцкага райвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, які рэкамендаваў ёй больш пісаць пра выбары.
14 жніўня на сайце раёнкі з’явіўся матэрыял пад загалоўкам “Па каляндарнаму плану”. У ім паведамляецца пра пачатак новага этапу выбарчай кампаніі – праверкі адпаведнасці парадку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты патрабаванням Выбарчага кодэксу. Старшыня камісіі па Слуцкай выбарчай акрузе №67 Аляксандр Андрушкевіч паведаміў выданню пра тэрміны, прадугледжаныя Выбарчым кодэксам на гэтую працу. Расказаў Андрушкевіч і пра новаўвядзенне сёлетняй выбарчай кампаніі – права кандыдатаў карыстацца сродкамі ўласных агітацыйных фондаўдля правядзення перадвыбарнай агітацыі, а таксама пашырэнне спісу дакументаў, па якіх выбаршчыкі будуць атрымліваць бюлетэні для галасавання. Па словах старшыні акруговай камісіі, у Слуцкай АВК зарэгістраваныя два назіральнікі – ад Беларускага Хельсінкскага Камітэта і грамадскага аб’яднання «Белая Русь».
У матэрыяле няма ні слова пра прэтэндэнтаў, якія вылучыліся ў кандыдаты па Слуцкай акрузе.
Таксама на сайце раёнкі з’явілася публікацыя «Выбары ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь - залог захавання палітычнай і грамадскай стабільнасці ў краіне». Матэрыял, аўтарам якога выступіў Мінаблвыканкам, знаёміць чытача з функцыямі і дзейнасцю парламента і ўяўляе сабой лікбез па тэме правядзення выбараў згодна з заканадаўствам. Не абыйшлося без прапаганды жыцця ў моцнай і квітнеючай Беларусі. Тэкст напісаны ў лепшых традыцыях сацрэалізму.
Вось некалькі цытатаў:
“Асобы акцэнт робіцца на рэалізацыю задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы ў штогадовых пасланнях беларускаму народу і парламенту”.
“У дзяржаве забяспечваецца штогадовы рост зарплаты, зніжэнне ўзроўню беспрацоўя, кансалідацыя грамадства”.
“Парламентарыі аказваюць канкрэтную дапамогу прадпрыемствам і гаспадаркам”.
“Гуманны характар беларускай дзяржавы знайшоў сваё праяўленне ў законе аб амністыі, пашырэнні практыкі прымянення пакарання ў выглядзе абмежавання волі…”.
“Новым зместам напаўняецца ўзаемадзеянне з Кітайскай Народнай Рэспублікай”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма