Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: Акруговая камісія не ўступілася за ідэолага

Шасцёра прэтэндэнтаў у кандыдаты падалі дакументы на рэгістрацыю ў акруговую камісію па Слуцкай выбарчай акрузе № 67. Палова патэнцыйных кандыдатаў вылучыліся шляхам збору подпісаў. Ініцыятыўная група дзеючага дэпутата Інэсы Кляшчук сабрала 2080 подпісаў. Бізнесмен Аляксандр Солап, якога падтрымлівае кампанія “Гавары праўду!”, падаў у акруговую камісію 1313 подпісаў, а прадпрымальнік з вёскі Падзерскія Агароднікі Аляксандр Шыловіч - 1217.

Трое прэтэндэнтаў вылучыліся ад палітычных партый: Анатоль Юрэвіч - ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», Анатоль Богуш - ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Дзяніс Юрчанка - ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі.

Як распавёў назіральнік БХК Віталь Амяльковіч, на паседжанні акруговай камісіі 14 жніўня было прынята рашэнне ў кожнага з прэтэндэнтаў, якія вылучыліся шляхам збору подпісаў, узяць на праверку па 210 подпісаў. Праверцы падвергнуцца дакументы і дэкларацыі прэтэндэнтаў, вылучаных ад палітычных партый.

На другой частцы паседжання зачыталі скаргу кіраўніка ініцыятыўнай групы Аляксандра Солапа Юліі Балакір. На абмеркаванні ўзяў слова намеснік старшыні акруговай камісіі Пётр Даўгучыц, у нядаўнім мінулым працаваў намеснікам старшыні Слуцкага райвыканкама па ідэалогіі. Нагадаем, падставай для звароту Юліі Балакір стаў інцыдэнт на пікеце па зборы подпісаў у падтрымку Аляксандра Солапа, які адбыўся 11 жніўня.

Намеснік старшыні выканкама па ідэалогіі выклікала міліцыянта на пікет. Супрацоўнік РАУС запатрабаваў прыбраць са стэнда герб і паведаміў, што папярэдзіў пра незадаволенасць Дабравольскай.

Як ні дзіўна, Пётр Даўгучыц не заступіўся за сваю пераемніцу. Ён спаслаўся на палажэнне выканкама, у якім прапісана, што сімволіку можна выкарыстоўваць толькі з дазволу ўладаў. Але адзначыў, што па факце многія гэта робяць без дазволу, таму прыдзірацца ў дадзеным выпадку не варта было. Даўгучыц выявіў рэдкую дасведчанасць, заявіўшы, што прычын для скаргі няма, таму што Юлію Балакір з пікету не прагналі.

Старшыня акруговай камісіі Аляксандр Андрушкевіч даручыў сакратару АВК Юрыю Скрыгану падрыхтаваць адказ заяўніцы і ЦВК, удакладніўшы, што «Цэнтрвыбаркам будзе ў курсе, таму адказ павінен быць граматны і дакладны».

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма