Віцебск: у Чыгуначным раёне – найменей месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі
Віцебскі гарвыканкам вызначыў месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі, а таксама памяшканні для сустрэч з кандыдатамі ў дэпутаты. Самыя лепшыя магчымасці для агітацыі – у Першамайскім раёне, і гэта лагічна, бо Першамайскі – самы буйны раён Віцебску. "Пакрыўджаным" выглядае Чыгуначны раён – тут вызначаны ўсяго два месцы для вулічнай агітацыі і толькі тры залі для сустрэч у памяшканнях.
Калі быць больш дакладным, то ў самім Віцебску месца для агітацыі ў Чыгуначным раёне ўсяго адно – гэта "Парк культуры і адпачынку Чыгуначнікаў у раёне цэнтральнай сцэнічнай пляцоўкі". Другое - гэта ўжо "пляцоўка каля “Палаца культуры” у гарадскім пасёлку Руба, які фармальна лічыцца тэрыторыяй Віцебска, хаця месціцца далёка за гарадской рысай.
Тое самае і з вызначанымі памяшканнямі: на тэрыторыі Віцебска гэта актавая зала Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа і актавая зала гімназіі №6. Трэцяе месца для сустрэч выбаршчыкаў з кандыдатамі – гэта "кабінет №6 СШ №15" у тым самым гарадскім пасёлку Руба, які тэрытарыяльна аднесены да Чыгуначнага раёна.
Для параўнання: на тэрыторыі Кастрычніцкага раёну прапанавана 6 пляцовак для агітацыі. Але аптымістычную карціну азмрочвае тое, што гэта 4 агітпляцоўкі ў дварах жылых дамоў, а таксама загарадны парк культуры і адпачынку ў Мазурына і пляцоўка перад клубам ААТ «Кераміка» на ўскраіне горада.
Што да вызначаных для сустрэч памяшканняў, то іх у Кастрычніцкім раёне таксама 6. Тры – гэта класы ў сярэдніх школах, куды змесціцца ніяк не больш за 40 чалавек пры ўмове, што некаторыя будуць вымушаныя стаяць. А таксама невялікае клубнае памяшканне ЖЭУ №14, чытальная зала бібліятэкі Віцебскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжу лёгкай прамысловасці і канферэнц-зала Віцебскага абласнога дыспансера спартыўнай медыцыны.
На тэрыторыі Першамайскага раёна – 8 месцаў для вулічнай агітацыі. Гэта Парк імя 30-годдзя ВЛКСМ, пляцоўка перад будынкам адміністрацыі камбіната “Віцьба”, пляцоўка перад культурна-дзелавым цэнтрам «Першамайскі» і пяць агітпляцовак у дварах.
Для сустрэчаў у памяшканнях вызначаныя актавая зала ў адміністрацыйным памяшканні ЖЭУ, актавая зала Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска, вялікая зала культурна-дзелавога цэнтра «Першамайскі», рэкрэацыя 2 паверха СШ №43 і актавыя залы яшчэ 8 віцебскіх школ і гімназій.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма