Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: пракурор Більдзейка ўхіляецца ад выканання сваіх абавязкаў

  • Праваабаронца Сяргей Гоўша (Баранавічы)
    Праваабаронца Сяргей Гоўша (Баранавічы)

Назіральнік Сяргей Гоўша 15 жніўня атрымаў адказ пракурора г. Баранавічы Більдзейкі А.А. на сваю скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі.

Раней мы паведамлялі, што Сяргей Гоўша звяртаўся да пракурора па справе абвінавачання яго ў дробным хуліганстве. У сваёй скарзе ён паведаміў, што 2 жніўня быў выкліканы ў Баранавіцкі ГАУС участковым, капітанам міліцыі Мікалаем Кудраўцавым, дзе даведаўся, што старшыня акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі № 5 Таццяна Латышава напісала заяву ў міліцыю і абвінавачвае Сяргея Гоўшу ў тым, што ён 23 ліпеня наўмысна абразіў брыдкаслоўем яе і прысутных сябраў выбарчай камісіі.   

Назіральнік даводзіў пракурору, што ён прадставіў міліцыянеру дыктафонны запіс пасяджэння АВК 23 ліпеня. Двойчы праслухаўшы запіс, капітаны міліцыі Мікалай Кудраўцаў і Віталь Рачкоўскі ніякага брыдкаслоўя не пачулі. Аднак замест таго, каб аб’ектыўна і справядліва разабрацца ў гэтай справе, супрацоўнікі міліцыі прапанавалі Сяргею Гоўшу падпісаць не толькі пратакол апытання, але і адміністрацыйны пратакол аб парушэнні арт.17.1 КаАП (дробнае хуліганства). Гоўша прасіў прыняць меры пракурорскага рэагавання ў звязку з тым, што супрацоўнікі ГАУС зусім не хочуць разбірацца ў яго адміністрацыйнай справе, і прыклаў да сваёй скаргі дакументы, якія сведчаць не толькі аб яго невінаватасці, але і аб нежаданні супрацоўнікаў міліцыі сумленна працаваць.

Мяркуючы па той адпісцы, якую атрымаў Сяргей Гоўша ў адказ на сваю скаргу, пракурор горада Більдзейка А.А. фактычна ўхіліўся ад выканання сваіх абавязкаў - ён таксама не стаў разбірацца ў гэтай адміністрацыйнай справе. Замест таго, каб абавязаць супрацоўнікаў міліцыі выконваць свае абавязкі і правесці прафесійнае дасудовае разбіральніцтва справы Сяргея Гоўшы, пракурор горада накіраваў скаргу назіральніка і прыкладзеныя да яе дакументы выконваючаму абавязкі старшыні суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы Петрыеву В.А.

Назіральнік не згодны з такім адказам пракурора Більдзейкі і мае намер абскардзіць яго рашэнне ў пракуратуры Брэсцкай вобласці.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма