Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мазыр: за Сяргея Касцяна падпісаліся 269 чалавек, не пражываючых на ягонай акрузе

На паседжанні акруговай выбарчай камісіі Мазырскай акругі №42 было прынята рашэнне для ўсіх вылучэнцаў у кандыдаты ўзяць для праверкі за аснову 1000 подпісаў грамадзян – гэтая колькасць неабходная для рэгістрацыі паводле Выбарчага кодэкса.  З іх 20% подпісаў атабрана  для праверкі. На працягу 10 дзён, да 23 жніўня,  дакументы будуць правярацца адпаведнымі структурамі на даставернасць выкладзеных дадзеных і адпаведнасць патрабаванням заканадаўства, пасля чаго акруговая камісія на сваім паседжанні прыме рашэнне аб рэгістрыцыі альбо ў яе адмове прэтэндэнтам на дэпутацкі мандат.

Кандыдатамі ў дэпутаты збіраецца быць 5 чалавек. Інфармацыю пра дакладную колькасць сабраных подпісаў сакратар камісіі Вераніка Байкова  агучыла толькі за аднаго прэтэндэнта ў дэпутаты – Нікадзіма Варановіча. Ён сабраў 1116 подпісаў грамадзян. Пра іншых прэтэндэнтаў: Сяргея Нішчыменка і Сяргея Касцяна падавалася толькі інфармацыя  пра колькасць падпісных лістоў.

Што тычыцца Мікалая Рассохі, то яго дакументы былі разгледжаны асобна на папярэднім паседжанні акруговай камісіі 9 жніўня. Ён вылучаўся ад некалькіх працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў.

Таксама стала вядома пра тое, што ў Мазырскай выбарчай акрузе №42 з’явіўся і партыйны вылучэнец  з Гомеля – Ігар Навасцееў, прадстаўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Уладзімір Целяпун, назіральнік у акруговай камісіі ад РГА “Беларускі Хельсінскі камітэт”, звяртае ўвагу на значную колькасць подпісаў  грамадзян за прэтэндэнтаў у дэпутаты — С. Касцяна і В. Нішчыменка (269 і 65 подпісы адпаведна), якія былі сабраны, але не падлягаюць праверцы (па арт. 67 ВК).

-Гэта подпісы грамадзян, якія не пражываюць на тэрыторыі дадзенай выбарчай акругі. Магчыма, калі адкінуць гэтыя подпісы, у  прэтэндэнтаў не будзе неабходных 1000 подпісаў, і таму лічба сабраных за іх подпісаў не агучвалася сакратаром АВК...

Напэўна, такая сітуацыя звязана з блытанінай http://spring96.org/be/news/54666  апісання межаў выбарчых акругаў №42 і №43 у горадзе  Мазыры, якую  ЦВК вырашыў ужо пасля пачатку збору подпісаў ініцыятыўнымі групамі. Прыйшлося асобнай пастановай уносіць змены  і ўдакладняць межы акругаў у раней прынятую пастанову http://spring96.org/be/news/55011

Што тычыцца прысутнасці назіральніка пры праверцы пададзеных дакументаў на рэгістрацыю, у тым ліку і падпісных лістоў, Уладзімір пракаментаваў:

 -   Правы назіральніка прысутнічаць падчас праверкі подпісаў прама не замацаваны арт. 13 Выбарчага кодэкса. Але ч. 1 гэтага артыкула дэкларуе пра адкрытасць і галоснасць выбарчага працэсу.  Я ў чарговы раз спадзяюся, што мне будзе дазволена азнаёміцца з усімі заключэннямі  адпаведных структур (ДАІ, БТІ, падатковай інспекцыі, эксперта-крыміналіста) на паседжанні акруговай камісіі пры рэгістрацыі прэтэндэнтаў  у дэпутаты.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма