Баранавічы: старшыня камісіі аправяргае “хлусню” назіральніка шляхам фальсіфікацыі дакументаў
15 жніўня на чарговым пасяджэнні акруговай камісіі Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акругі №5 праводзілася праверка дакументаў, пададзеных на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
Назіральнік Сяргей Гоўша афіцыйна паведаміў сябрам камісіі, што ён будзе весці аўдыёзапіс гэтага пасяджэння.
Напрыканцы працы камісіі старшыня Таццяна Латышава прапанавала да разгляду Акт фальсіфікацыі пратакола № 1 па абранні кіруючых органаў АВК, які 14 жніўня падаў у камісію назіральнік Сяргей Гоўша. Зачытаўшы Акт, спн. Латышава паведаміла прысутным, што назіральнік напісаў хлусню, бо не было такога пратакола № 1 з няправільным указаннем даты і колькасці прысутных і прагаласаваўшых. Яна паказала прысутным сябрам камісіі і назіральнікам пратакол ад 10 ліпеня 2012 года з “сапраўднымі” лічбамі.
У адказ на гэтыя заявы старшыні камісіі Сяргей Гоўша паведаміў, што ў яго ёсць копія іншага пратакола № 1 - ад 11 ліпеня 2012 года з іншымі лічбамі. Гэта копія пратакола, які назіральнік раней бачыў у камісіі, заверана судом і міліцыяй, ён атрымаў яе афіцыйна ў судзе са сваёй адміністрацыйнай справы.
Нагадаем, што справа за дробнае хуліганства была заведзена на назіральніка па ілжывай заяве старшыні АВК Латышавай пасля таго, як ён выкрыў падробку менавіта гэтага пратакола №1.
Пасля таго, як назіральнік Гоўша заявіў пра падвоеную фальсіфікацыю пратакола №1, старшыня камісіі Таццяна Латышава, па яго словах, была ў шоку і па заканчэнні працы АВК разам з сакратаром Т.Чылік адразу ж паехала на прыватным аўтамабілі да пракурора горада. Туды ж, але пешшу, накіраваўся і Сяргей Гоўша - каб падаць чарговую заяву аб фальсіфікацыі пратакола і прасіць тэрмінова правесці пракурорскую праверку працы АВК № 5. Назіральнік хацеў прасіць пракурора канфіскаваць паўторна падроблены дакумент і прымяніць да парушальнікаў закона адпаведныя меры пакарання.
Пракурор горада Більдзейка А.А. доўга вёў размову са старшынёй і сакратаром АВК, а назіральніка, які зайшоў пасля іх і прасіў тэрмінова яго выслухаць, праганяў з кабінета ў грубай форме і нават пагражаў выклікаць супрацоўнікаў міліцыі. Таксама пракурор не дазволіў сакратару пракуратуры зрабіць для Гоўшы ксеракопію пададзенай заявы (усе размовы ў пракуратуры Гоўша таксама, папярэдзіўшы, запісаў на дыктафон). Пасля гэтага Гоўшу адмовілася прыняць і намесніца пракурора.
Як сцвярджае назіральнік, Баранавіцкая пракуратура не надта спяшаецца дапамагчы яму ў выкрыцці парушальнікаў Выбарчага заканадаўства.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма