Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

У Пінску выбары будуць безальтэрнатыўнымі?

Па Пінскай гарадской выбарчай акрузе №14 за дэпутацкае крэсла пазмагаюцца дзеючы дэпутат ПП НС Зінаіда Мандроўская, якая вылучалася зборам подпісаў і ад працоўнага калектыву ААТ “Палессе”, і старшыня Пінскай гарадской арганізацыі ПБНФ Аляксандар Рамановіч, які вылучаўся ад партыі. Яшчэ адзін мяркуемы кандыдат у дэпутаты столяр ЖЭСу №3 Аляксандар Чынько не здолеў сабраць неабходную колькасць подпісаў.

Як вядома, спадар Рамановіч раней заяўляў, што пасля з’езду ПБНФ, які адбудзецца 15 верасня, здыме сваю кандыдатуру з выбараў. Калі гэта адбудзецца, то ў сталіцы Палесся пройдуць безальтэрнатыўныя выбары, і Зінаіда Мандроўская без праблем пройдзе на другі тэрмін у беларускі парламент.

Іншая сітуацыя назіраецца па Пінскай сельскай выбарчай акрузе №15. Тут, упершыню ў гісторыі, за дэпутацкі мандат будуць змагацца аж чатыры кандыдаты.

А, менавіта: Аляксандар Баран, які працуе галоўным інжэнерам ПСУП “АйсТымБуд” і вылучаўся зборам подпісаў; Віктар Калесніковіч, які працуе начальнікам навукова-даследчыцкага аддзела ў Палескім дзяржуніверсітэце і вылучаўся ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці; Сяргей Луц, які працуе мулярам ТАА “Сто рашэнняў” і вылучыла яго Ліберальна-дэмакратычная партыя; і Аляксандар Палейчук, які кіруе СВК “Лапаціна” і працоўны калектыў якога сельгаскааператыва вылучыў ягоную кандыдатуру.

Цікава, чаму нечакана актывізаваўшыяся партыйныя структуры ЛДП і РППіС выставілі сваіх прадстаўнікоў у Пінскім раёне, а сам горад пакінулі па-за ўвагай?

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма