Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мазыр: месцы для правядзення перадвыбарчай агітацыі – не вельмі зручныя

Рашэнне Мазырскага райвыканкама  “Аб вызначэнні  ў Мазырскім  раёне месцаў для правядзення кандыдатамі ў дэпутаты  Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, іх даверанымі асобамі мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі” ўтрымлівае пункты, якія забараняюць самавольнае размяшчэнне агітацыйных друкаваных матэрыялаў аб кандыдатах у дэпутаты ў не прадугледжаных месцах. Пры гэтым даецца  прамое ўказанне Зыкуну П.С., начальніку Мазырскага РАУС, прымаць неабходныя меры па недапушчэнню такіх дзеянняў.

Для Мазырскай выбарчай акругі №42 месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў  перадвыбарчай кампаніі з’яўляюцца стадыён “Спартак” - ужо звыклае  для мясцовых грамадскіх актывістаў месца, вызначанае рашэннем №1202 ад 15.09.2011г. “Аб масавах мерапрыемствах”, таксама пляцоўка каля Палаца культуры “20 год Перамогі”  ў мікрараёне “Зарэчны”, канцавы прыпынак аўтобуса №7 у мікрараёне “Кастрычніцкі” і парк “Дружбы” ў аднаіменным мікрараёне.

-Магчыма, для сходаў і мітынгаў гэтыя месцы і прыдатныя, аднак для публічнага выступлення кандыдатаў і іх давераных асобаў, раздачы улётак, праграм кандыдатаў -- не вельмі зручныя. Асабліва гэта тычыцца стадыёна “Спартак” і парка “Дружбы”. А на канцавым прыпынку аўтобуса №7, калі там сабраць з паўсотні грамадзян, рух можа быць паралізаваны, –  выказаў сваё меркаванне назіральнік Уладзімір Целяпун.

Свае заўвагі мазырскі праваабаронца мае і наконт месцаў для сустрэч кандыдатаў у дэпутаты, іх давераных асоб з выбаршчыкамі:

-Гэта амаль ўсе палацы культуры. Здаецца, тут павінна быць як мага меней нараканняў з боку прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Аднак з папярэдняга вопыту вядома, што ўстановы культуры адмянялі загадзя ўзгодненыя і замоўленыя залы.

Рашэнне Мазырскага райвыканкама ўтрымлівае таксама пералік месцаў на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў аб кандыдатах у дэпутаты. У Мазырскай выбарчай акрузе №42 знаходзіцца 40 выбарчых участкаў, на кожным з якіх, згодна з Выбарчым кодэксам, павінна быць вызначана месца, найбольш наведваемае грамадзянамі. Так, 11 з 13 вызначаных месцаў  – гэта дошкі аб’яў, інфармацыйныя стэнды.

- Пры ўмове рэгістрацыі ўсіх пяці прэтэндэнтаў у дэпутаты, усім можа не хапіць месца для размяшчэння агітацыйнай прадукцыі на маленькіх дошках  аб’яў і інфармацыйных стэндах. Але, калі  гэта ўсё ж такі стане магчымым – не застанецца вольнага месца для размяшчэння  аб’яў ды афіш для Дома культуры, кінатэатра, тэатра. Іх праца можа быць паралізавана! Я не аднойчы прапаноўваў уладам Мазыра зрабіць адмысловыя тумбы, стэнды, прымеркаваныя да выбарчых кампаній, але ўсё безвынікова.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма