Аршанскія камісіі сфармаваныя з міратворцаў і памочнікаў ахвярам узброеных канфліктаў
Пры праглядзе складу ўчастковых выбарчых камісій у Оршы немагчыма пазбавіцца ад думкі, што горад на Дняпры знаходзіцца ў самым эпіцэнтры нейкага ўзброенага канфлікту ці іншай небяспечнай пазаштатнай сітуацыі. Судзіце самі, больш чым у палове ўчастковых камісій прысутнічаюць вылучэнцы ад Беларускага таварыства Чырвонага крыжа.
Зазірнуўшы ў Статут гэтай арганізацыі, заўважаеш, што да ўдзелу ў разнастайных выбарах гэтая арганізацыя не мае ніякага дачынення. Паводле таго ж Статуту «Беларускае таварыства Чырвонага крыжа арганізуе на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь аказанне дапамогі ахвярам узброеных канфліктаў, а таксама асобам, якія пацярпелі ў выніку надзвычайных сітуацый». Сама сабой напрошваецца выснова, што Чырвоны крыж разглядае выбары ў Палату прадстаўнікоў як нейкую надзвычайную сітуацыю і таму праяўляе да іх такую цікавасць.
Падмацоўвае падазрэнні падобнага роду і масавы ўдзел у аршанскіх камісіях яшчэ адной арганізацыі з падобнымі мэтамі - Беларускага фонду міру. Ніколі не даводзілася чуць пра якую - б там ні было рэакцыю гэтай арганізацыі ні на адзін узброены канфлікт на планеце за апошнія гады. Але як толькі справа даходзіць да выбараў - тут актыўнасць ўзрушаючая.
Калі і на самай справе асноўная мэта «міратворцаў» - барацьба за мір, то іх масавае ўваходжанне ў выбарчы працэс можна растлумачыць толькі тым, што менавіта ў нашых выбарах гэтая арганізацыя бачыць пагрозу міру і стабільнасці.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма