У Смаргоні – толькі адзінае месца для масавых мерапрыемстваў
З кожнымі выбарамі ў Смаргоні і Смаргонскім раёне становіцца ўсё меней месцаў, дзе раённыя ўлады дазваляюць праводзіць масавыя мерапрыемствы – мітынгі і пікеты. Гэтым разам ў самім горадзе райвыканкам выдзеліў для гэтай мэты толькі летні амфітэатр гарадскога парку. Большасць раённых вёсак таксама будуць пазбаўлены магчымасці ўбачыць перадвыбарчую агітацыю.
Азнаёміўшыся з адпаведным рашэннем райвыканкама, можна прабдачыць, што парламенцкая кампанія ў Смаргонскім раёне сёлета будзе малазаўважнай. Выстаўляць пікеты ў адзіным дазволеным месцы, дзе звычайна няма мінакоў – справа дарэмная. Самыя зручныя і шматлюдныя пляцоўкі па цэнтральнай вуліцы Леніна, дзе толькі і ёсць сэнс ладзіць пікеты ці мітынгі – чамусьці гэтым разам пад забаронай.
Пакрыўджанай у сэнсе выбарчай агітацыі, відаць, застанецца большая частка вёсак Смаргонскага раёна. Ладзіць масавыя мерапрыемствы можна будзе толькі ў дзевяці населеных пунктах: Жодішкі, Залессе, Крэва, Лылойці, Вішнева, Солы, Сінькі, Белкаўшчына, Войстам. Па-за ўвагай застануцца не зусім малыя Лешчаняты, Міцкевічы, Сосны, Сыравяты, Шутавічы, Асінаўшчына, Ракаўцы, Ардашы, Валейкавічы і Кушляны, дзе ёсць для гэтага зручныя месцы, каля культурных ці адукацыйных ўстаноў і якія з’яўляюцца цэнтрамі для ячшэ многіх навакольных вёсак.
На здымку: вялікая пляцоўка ў цэнтры горада – чамусьці таксама не падыходзіць для мітынгаў і пікетаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма