Быхаў: лесаводам і жывёлаводам распавялі пра чаканні ўладаў ад гэтых выбараў
У Быхаўскім раёне 16 жніўня прайшоў адзіны дзень інфармавання насельніцтва. Асноўнай тэмай прапагандысты абралі выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
Як паведамляе сайт раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”, інфармацыйна-прапагандысцкая група начале з начальнікам аддзела адукацыі райвыканкама Ліліяй Тарасевіч раніцай 16 жніўня сустрэлася з працоўнымі калектывамі Новабаярскага лясніцтва і Ямніцкай малочна-таварнай фермы СВК “Валадарскі”. Падчас сустрэчы чыноўнікі распавялі леснікам і даяркам “аб асаблівасцях выбарчай камапніі пятага склікання і аб тым, што атрымаць мандат дэпутата парламента павінен чалавек, з якім было б прыемна і вынікова працаваць як выбаршчыкам, так і мясцовым органам улады”.
Як піша “Маяк Прыдняпроўя”, гэтую думку таксама настойліва даводзіў лесаводам і жывёлаводам старшыня Ямніцкага сельвыканкама Віктар Бандарчук. Ну а галоўны рэдактар “Маяка Прыдняпроўя” Мікалай Леўчанка пайшоў яшчэ далей. Ён вырашыў, колькі разоў патрэбна галасаваць сялянам:
“Галоўны рэдактар газеты “Маяк Прыдняпроўя” Мікалай Леўчанка падкрэліў важнасць таго, каб выбары адбыліся з першага разу. Другі тур галасавання нам непатрэбны, бо гэта звязана з дадатковай тратай бюджэтных грошай, якія неабходны для вырашэння важных сацыяльных праграм”.
Нагадаем, што кандыдатам ад улады па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 з’яўляецца старшыня Слаўгарадскага раённага Савета Таццяна Кананчук. Дарэчы, беспартыйная Таццяна Пятроўна адначасова з’яўляецца старшынёй Слаўгарадскай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, якую жыхары Магілёўшчыны даўно называюць “партыяй улады”. Зараз аб дзейнасці Таццяны Кананчук пастаянна распавядае слаўгарадская раёнка “Прысожскі край”. Дзякуючы сваім пасадам, Таццяна Пятроўна пастаянна раз’язджае па палях і вёсках роднага раёна, уручаючы падарункі пераможцам і перадавікам жніва, але датэрміновай агітацыяй гэты факт чамусьці не лічыцца.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма