У Бабруйску распачаўся ціск на сябраў АГП
Лідэру бабруйскай суполкі АГП Віктару Бузінаеву вечарам 16 жніўня прынеслі позву ў КДБ на 17 жніўня, 14.00.
- Мяне дома у гэты час не было, таму позву далі маёй жонцы. На мінулым тыдні кдбэшнікі ўжо запрашалі мяне на размову, але па тэлефоне. Я сказаў, што без позвы не прыду, і вось, мне даставілі яе прама ў кватэру. Нагода для сустрэчы там пазначана, - для правядзення размовы па артыкулах 9 і 11 аб аператыўна-вышуковай дзейнасці. Чаго канкрэтна будзе тычыцца гэтая гутарка, пакуль не магу нават уявіць, - кажа Віктар Бузінаеў.
Таксама ўчора адбылася непрыемная размова з падаткавым інспектарам у Андрэя Казлова, які вылучаецца ад АГП на выбары па Першамайскай акрузе. Па яго словах, супрацоўніца інспекцыі патэлефанавала яму на мабільны і пачала задаваць розныя дзіўныя пытанні.
- Інспектр пачала цікавіцца, за якія грошы я жыву, за што набываю сабе ежу, адзенне, - распавядае Андрэй Казлоў. - Яе нібыта непакоіць, што я індывідуальны прадпрымальнік, але зараз прыпыніў дзейнасць. На гэта я патлумачыў, што маю права па законе не весці прадпрымальніцкую дзейнасць паўгады. Супрацоўніца падаткавай пачала пагражаць, што яны скасуюць маё ІП і заявіла, што мушу прыйсці да яе начальніка для размовы. Я адмовіўся і зноў жа палумачыў, што скасаваць маё ІП яны могуць толькі праз год з моманту прыпынення дзейнасці.
Андрэй Казлоў кажа, што раней падаткавы інспектар была з ім ветлівай, а зараз размаўляла з'едлівым тонам, з непрыязнасцю.
- Канешне, можна меркаваць, што гэта супадзенне, што мяне менавіта пасля майго рашэння стаць спікерам ад АГП выклікаюць у падаткавую, - разважае Андрэй Казлоў. - Але гэтыя перамены ў настроі інспектара мяне насцярожваюць, яе раптоўная цікавасць да маёй асобы, гэтыя непрыемныя пытанні. Мне нават давялося ёй прама сказаць, што гэта не яе справа – ведаць, за што я жыву.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма