Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Мінск: назіральнікаў не дапусцілі да працэсу праверкі подпісаў і дакументаў вылучэнцаў у кандыдаты (дакументы)

Акруговыя камісіі Мінска не дапусцілі назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» да працэсу праверкі подпісаў і дакументаў вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты.

Як паведаміла назіральнік Валянціна Свяцкая, некаторыя адмовы камісій складзеныя практычна ідэнтычна, дзе назіральнікам паведамляюць, што іх дапускаюць да паседжанняў па выніках праверкі матэрыялаў, але не да самога працэсу.

Напрыклад, у адказе назіральніку па Паўднёва-Заходняй акрузе № 99 Васілю Санковічу камісія паведамляе:

«У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 13 Выбарчага кодэкса, вы як назіральнік маеце права прысутнічаць на паседжанні камісіі, дзе будзе вызначацца парадак праверкі дакументаў, прадстаўленых для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў РБ, на паседжанні камісіі, дзе будуць разглядацца матэрыялы праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах, а таксама на паседжанні камісіі, дзе будзе разглядацца пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутат. Аб'явы аб тэрмінах паседжанняў камісіі будуць загадзя вывешаны ў памяшканні акруговай камісіі».

Тым не менш, Санковіча да праверкі подпісаў не дапусцілі.

Назіральніцы па Грушэўскага акрузе № 98 Наталлі Манькоўскай адказалі, што прысутнасць назіральніка пры праверцы сапраўднасці подпісаў з’яўляецца ўмяшальніцтвам ў працу камісіі.

Назіральніцы па Заходняй акрузе № 102 Ларысе Андросік ў камісіі спачатку сказалі, што яна зможа прысутнічаць пры праверцы подпісаў і паабяцалі загадзя паведаміць аб паседжанні. Аднак інфармацыю пра паседжанні камісія загадзя так і не дала назіральніцы, якой давялося даведвацца расклад самастойна. Праўда, і ў гэтым выпадку яна не змагла прысутнічаць пры праверцы.

У назіральніцы па Каліноўскай акрузе № 108 Алены Арэшка камісія нават не зарэгістравала заяву, у якой яна просіць дапусціць яе да праверкі подпісаў. Калі Арэшка абмяркоўвала гэтае пытанне з намеснікам старшыні камісіі, у кабінет увайшла сябра камісіі Рублеўская, якая працуе ў Адміністрацыі Першамайскага раёна, і заявіла назіральніцы, што яе месца - «за сталом у куце», і што яны не абавязаныя прымаць у яе ніякія заявы. Хоць у цэлым, па словах Алены Арэшка, камісія веля сябе з ёй карэктна.

«Да гэтага я размаўляла з намеснікам старшыні камісіі, і яна мне сказала, што ў іх толькі два чалавекі вылучыліся шляхам збору подпісаў, астатнія - ад партый, таму асаблівай працы ў іх яшчэ не было», - распавяла назіральніца.

Пакуль да працэсу праверкі дакументаў вылучэнцаў у дэпутаты ў Мінску не дапусцілі ні аднаго назіральніка ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
 
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма