Мазыр: уладам прапануюць пашырыць колькасць месцаў для агітацыі
Старшыні Мазырскага раённага выканаўчага камітэта прапанавалі пашырыць колькасць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Нікадзім Варановіч, прэтэндэнт у кандыдаты па Мазырскай выбарчай акрузе №42 і кіраўнік яго ініцыятыўнай групы Рыгор Крывіцкі напісалі заяву на імя старшыні Мазырскага раённага выканаўчага камітэта Е.Б.Адаменкі, у якой мясцовым ўладам прапануецца “пашырыць колькасць месцаў для пікетавання ў месцах масавага наведвання грамадзянамі, якія прылягаюць да базараў, міні-базараў, крамаў і не перашкаджаюць свабоднаму праходу”.
Такая неабходнасць узнікла ў сувязі з тым, што рашэннем Мазырскага райвыканкама №1000 ад 13.08. 2012 года “Аб вызначэнні ў Мазырскім раёне месцаў для правядзення кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання, іх даверанымі асобамі мерапрыемстваў з мэтай ажыццяўлення перадвыбарчай агітацыі” было вызначана толькі 4 месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў.
Многія з вызначаных Мазырскім раённым камітэтам месцы для масавага мерапрыемства - пікетавання, раздачы агітацыйных друкаваных матэрыялаў не з’яўляюцца масава наведвальнымі і публічнымі. Да таго ж, такіх месцаў у Мазыры недастаткова.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма