Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: на ініцыятыўныя групы паступаюць скаргі ў акруговыя камісіі

Ужо вядома, што скаргі ў акруговыя выбарчыя камісіі №84 і №85 паступілі ад адміністрацый інтэрнатаў па вуліцы Ціміразеўская, 11 і вуліцы Касманаўтаў, 45 адпаведна, на прэтэндэнтаў у дэпутаты ад “Гавары праўду” Леаніда Падбярэцкага і “Руха за свабоду” Уладзіміра Пунчанка.

Адміністрацыі інтэрнатаў скардзяцца на тое, што ў абодвух выпадках зборшчыкі подпісаў неадэкватна сябе паводзілі і мелі намер збіраць подпісы ў гэтых інтэрнатах.

Два вышэйзгаданых інтэрнаты падначалены начальніку жыллёва-эксплуатацыйнага прадпрыемства Паўлу Шышову, які загадаў ні ў якім разе не пускаць туды зборшчыкаў подпісаў ад дэмакратычных прэтэндэнтаў у дэпутаты.

Тым часам вядома пра тое, што ў гэтых інтэрнатах актыўна, з ужываннем адміністрацыйнага рэсурсу, адбываўся збор подпісаў за іншых прэтэндэнтаў - дзеючага “народнага” абранніка Уладзіміра Васіленка і пракурора па Магілёўскай вобласці Эдуарда Сянкевіча.

Леанід Падбярэцкі азнаёміўся са скаргай на сваю ініцыятыўную групу пад роспіс, аднак яе копію яму так і не выдалі.

“У скарзе сказана, што член маёй ініцыятыўнай групы Мікалай Залозны збіраў подпісы ў інтэрнаце па вуліцы Касманаўтаў, 45 без пасведчання і не будучы ў складзе маёй групы. Гэта поўная хлусня. Па-першае – ён зарэгістраваны член ініцыятыўнай групы і мае адпаведнае пасведчанне, а па-другое, інтэрнат па вуліцы Касманаўтаў, 45 не знаходзіцца на тэрыторыі маёй выбарчай акругі, таму ён не мог там збіраць подпісы, бо ад іх не было бы мне ніякай карысці”, - кажа Леанід Падбярэцкі.

“Акрамя таго, ёсць прэтэнзіі да яшчэ аднаго члена маёй ініцыятыўнай групы Аляксея Паўлоўскага, які хацеў прайсці ў інтэрнат па вуліцы Ціміразеўская, 11, аднак туды так і не патрапіў. Вахцёрка адмовілася яго туды пускаць, спаслаўшыся на загад свайго начальніка, і абвінаваціла яго ў нахабстве. Паўлоўскі папрасіў у яе кнігу скаргаў і прапановаў, куды хацеў напісаць пра інцыдэнт, аднак і гэтую кнігу яму не выдалі. Натуральна, што ўзнікла спрэчка аб законнасці такіх паводзінаў з боку гэтай вахцёркі і іншых кіраўнікоў дадзенага інтэрната. Як можна ў інтэрнаце за Васіленку збіраць подпісы і не хаваць гэтага, а за Падбярэцкага нельга. Дзе тут роўнасць выбарчага заканадаўства?”, - абураецца Леанід Падбярэцкі.

Разгляд скаргі на ініцыятыўную групу Леаніда Падбярэцкага адбудзецца на пасяджэнні акруговай выбарчай камісіі №84 22 жніўня. Сам прэтэндэнт у дэпутаты рыхтуе адпаведную скаргу ў камісію і надалей у выпадку неабходнасці збіраецца бараніць сваю пазіцыю ў судзе.

Уладзімір Пунчанка таксама азнаёміўся са скаргай на працу сваёй ініцыятыўнай групы ў мінулую суботу.

“У скарзе сцвярджалася, што зборшчыкі подпісаў паводзілі сябе нахабна і неадэкватна. Мяне ўразіў у скарзе той факт, што пры гэтым я, нібыта, асабіста прысутнічаў і вахцёрка, нібыта, бачыла ў пашпарце маё прозвішча”, - кажа Уладзімір Пунчанка.

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты гаворыць, што ніколі не быў у гэтым інтэрнаце і нікому не даваў свой пашпарт.

“Факты, выкладзеныя ў скарзе на мяне, -- поўны паклёп. Я збіраюся давесці да ведама камісіі інфармацыю аб тым, што яны некарэктныя, тым болей што збор подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты Эдуарда Сянкевіча здзяйсняўся як супрацоўніцамі інтэрната, так і членамі яго ініцыятыўнай групы. Пра гэта можа расказаць і ў выпадку неабходнасі пацвердзіць актывіст Мікалай Залозны”, - кажа Уладзімір Пунчанка.

 

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма