Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Старшыні Магілёўскага аблсавета не падабаецца апазіцыя

Старшыня Магілёўскага аблсавета Уладзімір Панцюхоў адказаў на пытанне карэспандэнта газеты “Асіповіцкі край”, што ён думае наконт маючых адбыцца парламенцкіх выбараў у Беларусі і іх ходу ў Магілёўскай вобласці, у прыватнасці. Уладзімір Панцюхоў адзначыў, што “падрыхтоўка к важнай палітычнай падзеі ў жыцці Беларусі праходзіць у нас спакойна і цывілізавана, без якіх-небудзь правакацыйных дзеянняў з боку апазіцыі”. Аднак кіраўнік народных абраннікаў Магілёўскай вобласці, былы першы сакратар Цэнтральнага райкама КПБ Магілёва Уладзімір Панцюхоў не змог стрымацца і ўсё ж паліў брудам сваіх апанентаў.

У працяг адказа на пытанне карэспандэнта “Асіповіцкага краю” старшыня аблсавета сказаў пра тое, што “Нясмелыя спробы апанентаў улады разгарнуць незразумелыя дэбаты былі, але ўсе іх целаварушэнні скончыліся нічым, і гэтыя патугі ў чарговы раз толькі пацвердзілі, якую вагу ў нашым здаровым грамадстве мае апазіцыя і што ўяўляюць яе лідары”.

Таксама Уладзімір Панцюхоў выказаў стопрацэнтную ўпэўненасць, што выбары ў верасні пройдуць якасна і на высокім узроўні, а пэўнае абнаўленне дэпутацкага корпуса пойдзе ўсім толькі на карысць.

Сумна, што старшыня Магілёўскага аблсавета, які павінен абараняць правы ўсіх грамадзян сваёй вобласці, не разумее, што  толькі дзякуючы дэбатам і ўліку меркаванняў усіх грамадзян грамадства можа развівацца наперад, а не скатвацца ў застой.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

 

 

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма