Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Быхаў: Акруговая камісія запрасіла прэтэндэнтаў на паседжанне па рэгістрацыі

Сёння пасля абеда прэтэндэнту ў кандыдаты па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 Сяргею Антонаву патэлефанавалі з акруговай выбарчай камсісіі і запрасілі на паседжанне, якое пройдзе 22 жніўня. Падчас паседжання будзе разгледжана пытанне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81.

“Мне патэлефанавалі з акруговай камісіі дзесьці бліжэй да 16-00, запрасілі на яе паседжанне, што адбудзецца 22 жніўня ў 15-00, - распавядае Сяргей Антонаў. – Сказалі, што будзе разглядацца пытанне рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Таксама папрасілі прынесці мае фотаздымкі і біяграфію. Мне нават стала крыху цікава, бо я іх прыносіў падчас здачы ў камісію іншых дакументаў на рэгістрацыю, але тады іх чамусьці не ўзялі”.

Як кажа спадар Антонаў, ён да гэтага часу не ведае дакладна, колькі прэтэндэнтаў у кандыдаты падавалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у дэпутаты ў Быхаўскай выбарчай акрузе № 81.

“ Падчас здачы дакументаў у акруговую камісію мне пра гэта распавядаць адмовіліся, - кажа Сяргей Антонаў. – Таму ведаю толькі, што былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя групы па збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатамі сябра партыі “Справядлівы свет” Аляксандра Ірхо і старшыні Слаўгарадскага райсавета Таццяны Кананчук. Колькі ж прэтэндэнтаў у рэшце рэшт падало дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у нашай акрузе, даведаюся толькі на паседжанні камісіі ў сераду”.

Сяргей Антонаў вылучаны кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў па Быхаўскай выбарчай акрузе № 81 на з’ездзе партыі БНФ 4 жніўня.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма