Праваабарончы цэнтр «Вясна»беларускі хельсінкскі камітэт

Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асуджае пераслед Таццяны Рэвяка

  • Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў
    Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў

Парыж-Жэнева, 20 жніўня 2012 года

Абсерваторыя па абароне правоў праваабаронцаў, сумесная праграма Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў (OMCT), атрымала новую інфармацыю і просіць вашага тэрміновага ўмяшальніцтва ў наступную сітуацыю ў Беларусі.

Апісанне сітуацыі:

Абсерваторыя была праінфармаваная з надзейных крыніцаў аб допыце ў КДБ спн. Таццяны Рэвяка, сябра Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна”.

Паводле атрыманай інфармацыі, 17 жніўня 2012 года спн. Рэвяка была выкліканая ў КДБ “у якасці асобы, якая ведае аб абставінах, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.

Спн. Таццяна Рэвяка паведаміла, што супрацоўнікі КДБ дапыталі яе пра публікацыю на сайце “Вясны” ад 15 жніўня 2012 года пад назвай “У Магілёве КДБ умешваецца ў выбарчы працэс”. Афіцэр таксама паказаў ёй раздрукоўку з сайта charter97.org, які змяшчае тую ж перадрукаваную інфармацыю пад загалоўкам “Магілёўскае КДБ тэрарызуе зборшчыкаў подпісаў". Афіцэры таксама пацікавіліся крыніцай інфармацыі і яе аўтарамі, запыталіся ў яе, ці праверыла яна звесткі, змешчаныя ў артыкуле, сцвярджаючы, што публікацыя такой інфармацыі без пацвярджэння спрычыніцца да дыскрэдытацыі органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У выніку спн. Рэвяка была папярэджаная за публікацыю неправеранай інфармацыі на вэб-сайце “Вясны”.

Тым не менш, нягледзячы на ўсю гэтую слоўную крытыку, КДБ нібыта паведаміў спн. Рэвяка, што ў іх няма юрыдычных падставаў для адкрыцця судовага разбіральніцтва супраць яе.

Згаданая публікацыя апісвае, як афіцэр КДБ у Магілёве ўварваўся ў кватэру сп. Уладзіслава Ярашова, зборшчыка подпісаў і студэнта Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова, і спрабаваў даведацца пра тое, колькі грошай ён атрымаў за збор подпісаў і хто кіраваў працэсам. Ён прыгразіў сп. Ярашову адлічэннем з універсітэта за яго працу ў камандзе кандыдата ад апазіцыі і прапанаваў яму супрацоўнічаць з КДБ.

Абсерваторыя рашуча асуджае пераслед спн. Таццяны Рэвяка, бо ён, як падаецца, проста накіраваны на санкцыянаванне яе дзейнасці ў галіне правоў чалавека.

Абсерваторыя асабліва занепакоеная тым, што ціск на яе і абаронцаў правоў чалавека наогул узмацніўся ў бягучым перадвыбарным кантэксце, у той час як ПЦ “Вясна” і Беларускі Хельсінкскі камітэт праводзяць маніторынг выбарчага працэсу ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Патрабуемыя захады:

Калі ласка, звярніцеся да беларускіх уладаў у пісьмовай форме з заклікам:

і. гарантаваць пры ўсіх абставінах фізічную і псіхалагічную недатыкальнасць спн. Таццяны Рэвяка, а таксама ўсіх праваабаронцаў у Беларусі;

іі. спыніць усе формы пераследу – у тым ліку, на судовым узроўні – супраць спн. Таццяны Рэвяка, а таксама ў дачыненні да ўсіх іншых праваабаронцаў у Беларусі;

ііі. выконваць палажэнні Дэкларацыі ААН аб праваабаронцах, прынятай Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 9 снежня 1998 года, у прыватнасці:

- яе артыкул 1, які абвяшчае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях”,

- яе артыкул 6 (b) і (c), які абвяшчае, што “кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі [...], як гэта прадугледжана дамовамі ў галіне правоў чалавека і іншымі адпаведнымі міжнароднымі дамовамі, свабодна публікаваць, перадаваць або распаўсюджваць  меркаванні, інфармацыю і веды аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах і [...] вывучаць, абмяркоўваць, складаць і мець меркаванні адносна захавання, як у заканадаўстве, так і на практыцы, усіх правоў чалавека і асноўных свабодаў, праз гэтыя і іншыя адпаведныя сродкі, прыцягваць увагу грамадскасці да гэтых пытанняў".

- і яе артыкул 12.2, які прадугледжвае, што "дзяржава абавязана прымаць усе неабходныя захады для забеспячэння абароны, з дапамогай кампетэнтных органаў, любога чалавека, індывідуальна і сумесна з іншымі, ад любога гвалту, пагрозаў, помсты, дэ-факта або дэ-юрэ, ціску або любога іншага адвольнага дзеяння як вынік яго ці яе законнага ажыццяўлення правоў, згаданых у гэтай Дэкларацыі”;

v. забяспечыць у любых абставінах павагу да правоў чалавека і асноўных свабодаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі правоў чалавека і міжнароднымі дамовамі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь.

Каментары

Каб камэнтаваць навіны, трэба ўвайсьці праз сацыяльныя сеткі

Каментароў пакуль няма