Салігорск: Назіральнік патрабуе адкрыць інфармацыю пра фармаванне камісій
Кіраўнік салігорскай філіі БХК працягвае патрабаваць ад уладаў прадастаўленьня інфармацыі аб вылучэньні прадстаўнікоў у склад участковых камісій. На гэты раз праваабаронца накіраваў скаргу ў Мінаблвыканкам.
Нагадаем, прадстаўнік БХК прысутнічаў на паседжанні Салігорскага выканкаму па фармаваньні складу ўчастковых камісіяў. З яго словаў, паседжанне насіла фармальны характар - на зацверджанне складу васьмі дзесяткаў камісій чыноўнікам спатрэбілася 20 хвілін. За спіс з 691 прэтэндэнта прысутныя галасавалі адзінагалосна.
Тады ў сп. Мархоткі з’явіўся сумнеў, што і адпаведныя сходы працоўных калектываў маглі мець такі ж фармальны характар альбо іх магло не быць наогул. З патрабаваннем прадаставіць інфармацыю аб вылучэнні прадстаўнікоў ён звярнуўся да старшыні выканкама Аляксандра Рымашэўскага.
Аднак, вуснага зварота аказалася недастаткова, і быў накіраваны пісьмовы. У ім праваабаронца зыходзіць з таго, што дадзенае інфармацыя не можа насіць закрыты характар, бо з’яўляецца часткай публічнага працэсу фармаваньня складу выбарчых камісій і мусіць адпавядаць прынцыпам галоснасці і адкрытасці. У атрыманым адказе А.Рымашэўскі прынцыпы гэтыя прызнае, але ў прадастаўленьні адпаведнай інфармацыі адмаўляе.
Гэтым разам Леанід Мархотка звяртаецца да Барыса Батуры, старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Сутнасц скаргі аналагічная - адкрыты выбарчы працэс мусіць прадугледжваць прадстаўленне інфармацыі такога кшталту.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма