Кобрын: дзяржаўная газета піярыць прэтэндэнта-дэпутата
Нягледзячы на тое, што да рэгістрацыі кандыдатаў у
дэпутаты займацца агітацыяй выбарчае заканадаўства не дазваляе, дзяржаўныя СМІ
Брэсцкай працягваюць “піар” на карысць дзейных парламентарыяў.
Адным з тых, хто жадае застацца ў Палаце прадстаўнікоў на новы тэрмін,
з'яўляецца Аляксандр Зазуля, які раней быў абраны дэпутатам ад Кобрынскай
акругі №12. Не чакаючы афіцыйнай рэгістрацыі, брэсцкая абласная газета
“Народная трыбуна” (яе заснавальнікі – аблвыканкам і абласны савет дэпутатаў)
надрукавала артыкул, цалкам прысвечаны гэтаму “народнаму абранніку”.
У публікацыі Зазуля шмат распавядае пра сваю парламенцкую
дзейнасць, зладжанасць працы дэпутацкага корпуса і спрабуе давесці, што ён з
калегамі вельмі актыўна працуюць над законапраектамі. “Напрыклад, на Жыллёвы
кодэкс паступіла 4000 паправак. Уявіце, што было, калі б усе 4000 вынеслі ў Авальную
залу на абмеркаванне? Абмяркоўвалі б кодэкс і па сённяшні дзень”, - тлумачыць
дэпутат.
Зрэшты, галоўная мэта артыкулу – давесці пра карысць сваёй працы ў парламенце
для жыхароў Кобрынскага рэгіёна. Пра гэта ў публікацыі гаворыцца вельмі
падрабязна. “Разумею, што майму выбаршчыку, перш за ўсё цікава, а што дэпутат
Зазуля зрабіў дзеля інтарэсаў яго, выбаршчыка? Магу адзначыць, што
ўзаемаадносіны з тымі, хто сваімі галасамі чатыры гады таму падтрымаў мяне,
склаліся добра. На прыёмы прыходзіць шмат людзей. Іх хвалююць і праблемы
добраўпарадкавання роднага горада, і асабістага працаўладкавання, і паляпшэння
якасці жыцця. Напрыклад, звярнуліся медыцынскія работнікі: лякарні ў Кобрыне
вельмі патрэбны лораскапічны апарат. Ініцыятыву медыцынскай установы падтрымала
кіраўніцтва райвыканкама, я сустрэўся з міністрам аховы здароўя, знайшоў
разуменне і ў абласным упраўленні аховы здароўя. Вынік - апарат у Кобрыне ёсць”.
Акрамя рэкламы сваёй дзейнасці Аляксандр Зазуля тлумачыць іншую
сваю місію падчас працы ў парламенце. ”Дэпутат павінен адукоўваць выбаршчыкаў,
тлумачыць, што мы жывем у прававой дзяржаве і павінны кіравацца ў вырашэнні і
дзяржаўных, і тэрытарыяльных, і асабістых праблем толькі дзеючым прававым полем
нашай краіны, - дэкларуе кобрынскі “народны абраннік”. - Вельмі спадзяюся, што
выбаршчыкі не будуць кідацца на папулісцкія заклікі, а прагаласуюць за тых
людзей, у якіх яны ўбачаць перспектыву развіцця і рэгіёну, і краіны. За тых,
хто здолее знайсці агульную мову з рознымі бакамі. У тым ліку і з мясцовай
вертыкаллю ўлады”.
Варта дадаць, што апанентамі Зазулі ў Кобрынскай акрузе №12 маюць намер быць дырэктар
ААТ “Кобрынская птушкафабрыка” Зміцер Місюк (яго вылучыла Рэспубліканская
партыя працы і справядлівасці), сябра ЛДП Уладзімір Надольскі і Аляксандр
Страчук, які прадстаўляе Партыю БНФ.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма