У Віцебску забаранілі 15 агітацыйных пікетаў за байкот выбараў
Заяўкі на пікетаванне падавалі віцебскія сябры КХП БНФ, якія хацелі праводзіць пікеты падчас агітацыйнай кампаніі. Аднак, паводле ліста з ЦВК, агітацыя за байкот да агітацыйнай выбарчай кампаніі ніякага дачынення не мае.
Тры віцебскія сябры КХП БНФ падалі па пяць заявак на пікеты за байкот выбараў у тры раённыя адміністрацыі гораду. Яшчэ адзін партыйны актывіст, Ян Дзяржаўцаў, звярнуўся ў ЦВК па тлумачэнні, як ладзіць пікеты за байкот у межах выбарчага заканадаўства.
"Мне прыйшоў адказ, што агітацыя за байкот да агітацыйнай кампаніі нібыта дачынення не мае. Гэта значыць, арганізацыя пікетаў, якія мы замаўлялі, падпарадкоўваецца заканадаўству пра масавыя акцыі, а не выбарчаму заканадаўству. І з усіх трох раённых адміністрацый Віцебску мы атрымалі адмовы на падставе таго, што ў нас няма дамоўленасцяў на абслугоўванне нашых акцый з ЖКГ, міліцыяй і пракуратурай, як гэта патрабуецца для звычайных пікетаў. Але ж нашы акцыі – не звычайныя, яны тычаццы выбараў. І ўжо калі для агітацыі за кандыдатаў вызначаны дадатковыя месцы, спрошчана працэдура арганізацыі пікетаў, то і для агітацыі за байкот мусяць быць тыя самыя ўмовы. Інакш парушаюцца правы прыхільнікаў байкоту!" – лічыць спадар Дзяржаўцаў.
Ен упэўнены, што сябрам КХП БНФ ды іншых структур, якія падтрымліваюць ідэю байкоту, усе адно трэба ладзіць нейкія акцыі, праводзіць тлумачальную работу з насельніцтвам, нягледзячы на тое, што пікетаванне прыхільнікам байкоту ў Віцебску забаранілі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма