Брэст: Назіральніку адмоўлена ў прысутнасці падчас праверкі дакументаў вылучэнцаў
Ніякай інфармацыі назіральнікам не даваць -- дала распараджэнне сябрам акруговай выбарчай камісіі № 2 г.Брэста старшыня камісіі Галіна Янголенка пасля таго, як назіральнік Уладзімір Вялічкін папрасіў пісьмова дазволу прысутнічаць пры праверцы подпісаў і іншых дакументаў, пададзеных вылучанымі прэтэндэнтамі ў кандыдаты. Спадарыня Янголенка сваю адмову аформіла пісьмова, спаслаўшыся на арт. 13 Выбарчага кодэксу. Таксама назіральніку не дазволілі азнаёміцца з журналам уваходзячых і зыходзячых дадзеных, з журналам уліку назіральнікаў, з пратаколамі паседжання камісіі. Старшыня камісіі Янголенка наогул сказала, што ён павінен быў удзячны, што яго запрашаюць на паседжанні.
16 жніўня Вялічкін вымушаны быў звярнуцца са скаргай у ЦВК, у якой праінфармаваў пра закрытасць працы акруговай камісіі і папрасіў забяспечыць выкананне правоў назіральніка. У сваёй скарзе Вялічкін спаслаўся на арт. 13 Выбарчага кодэкса і арт. 65 Канстытуцыі РБ, якія гарантуюць адкрытасць і галоснасць выбараў.
19 жніўня назіральнік атрымаў адказ з ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай, у якім старшыня Цэнтрвыбаркаму падтрымала дзеянні акруговай камісіі і папракнула Вялічкіна няведаннем выбарчага заканадаўства, параіўшы кіравацца ч. 4 і 5 арт. 13 ВК.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”
Каментароў пакуль няма