Назіральнік просіць не рэгістраваць кандыдатам старшыню Лепельскага райвыканкама
Назіральнік ад Беларускага Хельсінкскага камітэта па Лепельскай выбарчай акрузе № 23 Ігар Казмерчак звярнуўся ў акруговую камісію з заявай.
У ёй ён паказвае, што выбарчае заканадаўства Беларусі забараняе правядзенне датэрміновай, да моманту рэгістрацыі акруговымі камісіямі, перадвыбарчай агітацыі ва ўсіх яе праявах патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты. Аднак нядаўна падчас урачыстага адкрыцця дзіцячай кансультацыі УАЗ "Бешанковіцкі цэнтральная бальніца" там быў прадстаўлены прысутным прэтэндэнт у кандыдаты ПП НС РБ, старшыня Лепельскага райвыканкама П.Шыкшнян. Казмерчак лічыць, што ўдзел грамадзяніна Шыкшняна ў дадзеным мерапрыемстве быў праявай агітацыі ў яго падтрымку. Бо Шыкшнян узначальвае Лепельскі раён, а да Бешанковіцкага яго пасада ніякага дачынення не мае. Затое гэты самы Бешанковіцкі раён уваходзіць у склад Лепельскай акругі № 23, дзе Пётр Шыкшнян вылучаны кандыдатам у дэпутаты.
Кіруючыся артыкуламі 42, 45 і 46 Выбарчага кодэкса назіральнік просіць акруговую камісію адмовіць у рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты парламента за датэрміновую агітацыю Пятру Шыкшняну.
«Праваабаронцы за свабодныя выбары»
Каментароў пакуль няма